viasna on patreon

Былым падазроным у віцебскіх выбухах Мурашкам далі грошы за 6 месяцаў у СІЗА

2007 2007-09-28T15:59:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Абвінавачванні ў арганізацыі выбухаў два гады таму ў Віцебску з братоў Мурашкаў былі знятыя цалкам. За 6 месяцаў знаходжання ў следчым ізалятары ім выплацілі кампенсацыю. А новым падазроным па справе стаў маёр УКДБ па Віцебскай вобласці Андрэй Дзямідаў, былы ўдзельнік следчай групы па расследаванні выбухаў у Віцебску.

Арыштавалі і змясцілі ў СІЗА Мінску маёра яшчэ ў ліпені. Але вядома пра тое, што ў следства па справе аб выбухах у Віцебску з’явіўся новы падазроны, стала толькі некалькі дзён таму – пасля таго, як пракуратура працягнула тэрмін утрымання пад вартай Андрэя Дзямідава яшчэ на два месяцы, да 19 лістапада. Афіцыйна яго абвінавачваюць у “захоўванні выбуховых рэчываў па папярэдней змове групай асобаў” (частка 3 арт.295 КК). Але, па словах жонкі маёра КДБ Наталлі Дзямідавай, следчыя правяраюць версію прыналежнасці яго да арганізацыі выбухаў.

Наталля Дзямідава: “Правяраецца версія аб прыналежнасці яго да выбухаў у 2005 годзе. Але ў той дзень я была побач з ім, і ў мяне валасы варушацца ад тых абвінавачванняў, якія яму выстаўляюцца”.

Прычынай для арышту маёра КДБ сталі, па словах яго жонкі, паказанні жыхара Віцебску Глушакова, у гаражы якога былі знойдзеныя патроны, выбуховыя рэчывы ды іншая зброя. Адвакат Андрэя Дзямідава Міхаіл Замалін сцвярджае, што такім чынам “чорны археолаг” Глушакоў, які меў пэўныя стасункі з маёрам, спрабуе адвесці падазрэнні ад сябе.

Міхаіл Замалін: “Ён даў паказанні, што захоўваў усё гэта не сам, а па распараджэнні маёра Дзямідава, з якім ён меў стасункі”.

Глушакоў знаходзіцца пад вартай у тым жа СІЗА, што і маёр Дзямідаў. Па словах адваката, у іх ужо была вочная стаўка. Праўда, вынікі яе не вядомыя, але адвакат упэўнены, што доказаў віны маёра ў следства недастаткова.

Міхаіл Замалін: “На мой погляд, следства не валодае пераканаўчымі доказамі таго, што Дзямідаў мае нейкія адносіны да гэтай схованкі ў гаражы”.

Тым больш што, як кажа Наталля Дзямідава, праведзеныя следчымі ператрусы па справе яе мужа не мелі выніку.

Наталля Дзямідава: “Ператрусы правялі і ў мяне, і ў маіх бацькоў у Мінску, і ў майго брата ў Заслаўі. Нічога забароненага альбо якіх патронаў не было знойдзена”.

Па яе словах, маёру не дазваляюць сустрэчы са сваякамі, а лісты яму і ад яго не даходзяць да адрасатаў. Пацвердзіў гэта і адвакат затрыманага.

Міхаіл Замалін: “Следчы пакуль ні маці, ні жонцы дазвол на сустрэчу з Дзямідавым не даваў. Што тычыцца перапіскі, то афіцыйна яна, нібыта, не забаронена. Але ён адаслаў жонцы 8 лістоў, а яна атрымала толькі 2. Яна напісала яму 9 лістоў, але ён атрымаў толькі два ад яе і адзін ад маці”.

Як паведаміў Еўрарадыё адвакат, калегі арыштаванага маёра КДБ пісалі зварот, дзе прасілі не працягваць яму тэрмін утрымання ў СІЗА. Гарантавалі, што ён нікуды не ўцячэ. Пракуратура не прыслухалася.

Між тым, як стала вядома Еўрарадыё, з былых падазроных па справе прыналежнасці да выбухаў у Віцебску братоў Мурашкаў абвінавачванні ў злачынстве знятыя цалкам. Ім нават выплацілі кампенсацыю за 6 месяцаў знаходжання ў следчым ізалятары. Праўда, суму кампенсацыі Юра Мурашка назваць адмовіўся.

Юра Мурашка: “Калі сыходзіць з тых прэцэдэнтаў, якія былі, то сума даволі дастатковая”.

Гаварыць на тэму, ці рабіўся на братоў падчас следства псіхалагічны альбо фізічны ўціск, Юры Мурашка катэгарычна адмовіўся. Сказаў толькі, што марыць усё забыць, як страшны сон. Як скончыцца гэты “сон” для маёра Дзямідава, казаць пакуль рана. Але калі станоўча, то ён мае шанец таксама атрымаць “дастатковую” кампенсацыю.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства