Юры Істомін: «У ізалятары сядзелі ў асноўным толькі апазіцыянеры, арыштаваныя за Еўрапейскі Марш»
Старшыня Гарадзенскай абласной арганізацыі Аб'яднанай грамадзянскай партыі Юры Істомін выйшаў учора на свабоду з Гарадзенскага ізалятара часовага ўтрымання. Напярэдадні Еўрапейскага Марша палітык затрымліваўся двойчы. Першым разам ён правёў за кратамі 5 сутак, а праз некалькі дзён пасля выхаду на свабоду быў зноў асуджаны на 7 сутак. Абодва тэрміна зняволення Юры Істомін трымаў галадоўку пратэсту супраць несправядлівага прысуду.
«Напярэдадні Еўрапейскага Марша я хацеў з'ездзіць у Кіеў на некалькі дзён. Пайшоў на вакзал купляць квіток. Заадно збіраўся сустрэцца з калегамі ў кафэ. Пра гэта я дамовіўся з імі па тэлефоне. Аднак у кафэ нас ужо чакалі супрацоўнікі міліцыі, якія схапілі мяне і маіх калегаў Змітра Слуцкага і Віктара Сазонава. Спачатку нас павезлі рабіць экспертызу на наяўнасць алкаголю ў крыві. Мы катэгарычна адмовіліся. Тады нас даставілі ў Ленінскі ?АУС і там ужо склалі пратакол аб тым, што мы нібыта нецэнзурна лаяліся. Прайшоў хуткі і закрыты суд, на якім супрацоўнікі міліцыі сведчылі, што мы нібыта непрыстойна паводзілі сябе ў кафэ, лаяліся, прыставалі да наведвальнікаў. Міліцыянты ж нібыта спрабавалі нас уціхамірыць, але мы не слухаліся. Але мы нават не былі ў кафэ! Мы не паспелі туды зайсці – нас жа схапілі ля ўваходу! Але суддзі хапіла сведчанняў міліцыі, і яна вынесла прысуды. Мне – 7 сутак, Слуцкаму і Сазонаву – па 5 сутак», – распавёў прэс-цэнтру Хартыі’97 Юры Істомін.
У Істоміна няма сумненняў – затрымалі яго з калегамі выключна з прычыны іх намеру ўдзельнічаць у Еўрапейскім Маршы. Апазіцыянеры распаўсюджвалі ў Гародні інфармацыю пра Марш і збіраліся 14 кастрычніка ехаць у Менск.
Пасля суду Істоміна, Сазонава і Слуцкага пасадзілі ў адну камеру. І яны адразу ж абвясцілі галадоўку пратэсту.
«Да нас пачало хадзіць начальства – з пракуратуры, ?АУС… Пыталіся, чаму мы галадаем. Урэшце, дазволілі нам перадачу ў турму мінеральнай вады», – распавядае Істомін.
Пра 12 дзён галадоўкі (амаль запар два тэрміны – 5 і 7 сутак) палітык распавядае больш як сціпла. «Мне было не так цяжка, усё-ткі я ўжо праводзіў палітычную галадоўку ў 15 сутак, а вось хлопцам было цяжэй…», – гаворыць Істомін.
Па словах палітыка, самае цяжкае ў ізалятары было нават не галадоўка, а страшны холад. «Пры галадоўцы тэмпература цела ніжэйшая і пераносіць холад у ізалятары было вельмі цяжка», – распавядае Юры.
Урэшце, галадоўшчыкі дамагліся ад кіраўніцтва ізалятара адной важнай саступкі – тры разы ў дзень ім прыносілі ў камеру кіпень. Можна было сагрэцца гарачай гарбатай…
Увогуле, Юры Істомін зазначыў цікавую дэталь. У будні ў гарадзенскім ізалятары сядзелі ў асноўным толькі апазіцыянеры, арыштаваныя за Еўрапейскі Марш. «На выходныя прывозілі сапраўдных дэбашыраў і хуліганаў – але яны сядзелі толькі суткі і абыходзіліся штрафамі. А так – у паўпарожнім ізалятары сядзелі толькі апазіцыянеры. Калі Сазонава і Слуцкага вызвалілі, мяне перавялі ў другую камеру – я даседжваў тэрмін ужо з актывістам Партыі БНФ Міколам Лемяноўскім і рэдактарам часопіса "Magazyn Polski na uchodzstwie" Ігарам Банцэрам…», – распавёў Юры Істомін.