Магілёўская пракуратура выставіла абвінавачаньне палітвязьню Артуру Фінькевічу ў новай крымінальнай справе — за парушэньне рэжыму падчас адбываньня пакараньня.
Моладзевы актывіст арганізацыі “Малады фронт” Артур Фінькевіч адбывае два гады абмежаваньня волі ў Магілёўскай спэцкамэндатуры за графіці палітычнага зьместу, якія ён зрабіў падчас прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі.
26 кастрычніка за паўтара месяца да заканчэньня тэрміну пакараньня палітвязьня зьмясьцілі ў ізалятар за парушэньне рэжыму спэцкамэндатуры. “Што канкрэтна зьдзейсьніў у камэндатуры Артур Фінькевіч адвакатка пакуль устрымліваецца паведамляць”, - патлумачыў магілёўскі праваабронца Барыс Бухель. Сьледчы магілёўскай пракуратуры прад’явіў Артуру Фінькевічу абвінавачаньне ў сьледчым ізалятары. Артур мае чатыры спагнаньні за парушэньні правілаў унутранага распарадку на “хіміі”. Паводле Крымінальна-выканаўчага кодэксу, дастаткова трох спагнаньняў, каб завялі крымінальную справу і накіравалі яе ў суд.
Паводле праваабаронцы, сьледзтва ў справе Артура Фінькевіча распачалося яшчэ 24 кастрычніка. Магілёўская пракуратура для дакладнасьці вядзеньня справы знайшла перакладчыка, бо Артур Фінькевіч адмаўляецца гаварыць па-расейску.
30 кастрычніка палітвязень сустэўся са сваёй адвакаткай ў магілёўскім ізалятары часовага ўтрыманьня. Гутарка доўжылася блізу чатырох гадзінаў.
Актывісты арганізацыі “Малады фронт” лічаць, што крымінальная справа супраць Артура Фінькевіча — вынік мэтанакіраванай рэпрэсіўнай палітыкі ўладаў супраць маладафронтаўцаў.
Мікола Статкевіч таксама ўпэўнены, што палітычныя матывы ў крымінальнай справе супраць Артура Фінькевіча відавочныя:“Безумоўна, яўная палітычная замова, таму што на “хіміі” знаходзяцца людзі, якія маюць не чатыры спагнаньні, як у Артура, калі паводле закону можна распачынаць крымінальныя справы, а чатырнаццаць, пятнаццаць, шаснаццаць…
Я бачыў такіх людзей, якія пры наяўнасьці любой капейкі напіваюцца і б’юцца рэгулярна, а іх пасьля адбыцьця трэцяй часткі тэрміну на папраўчыя работы дахаты адпраўлялі, каб яны там нейкі працэнт плацілі... Безумоўна, гэта палітычная замова”.
Днямі Артур Фінькевіч пачне знаёміцца з матэрыяламі крымінальнай справы.