Адміністратыўная камісія аштрафавала сям'ю салігорскіх моладзевых актывістаў Шылаў на 80 базавых велічыняў
28 лістапада адміністратыўная камісія ў Салігорску вынесла рашэньне па справах моладзевых актывістаў Івана і Ільлі Шыла, якія абвінавачваліся ў правядзеньні несанкцыянаваных акцыяў 16 кастрычніка і 7 лістапада. Сума вынесеных штрафаў па 5 адміністратыўных пратаколах складае больш за тысячу даляраў - 2 мільёны 480 тысяч рублёў (80 базавых велічынь).
Тры пратаколы былі складзеныя на Івана: 2 па арт. 23.34 КаАП "Парушэньне парадку арганізацыі ці правядзеньня масавага мерапрыемства" і па арт.23.4 КаАП "Непадпарадкаваньне законным патрабаваньням службовай асобы" па падзеям 16 кастрычніка, калі на цэнтральнай плошчы гораду праводзілася акцыя салідарнасьці з палітвязьнямі і за акцыю пратэсту падчас угодкаў Кастрычніцкай рэвалюцыі 7 лістапада. Камісія ў складзе больш за 10 чалавек пагадзілася з абвінавачаньнем і пакарала актывіста 20-цю б.в. за кожнае правапарушэньне.
Бацькі Ільлі Шылы былі пакараныя штрафам у памеры 10 б.в. па двух арт. 9.4 КаАП "Невыкананьне абавязкаў па выхаваньню дзяцей", бо хлопец мае менш за 16 год. Дарэчы, самі бацькі не змаглі прысутнічаць на паседжаньні адміністратыўнай камісіі, таму яна адбылася ў іх адсутнасьць.
Варта дадаць, што да 7 сьнежня працягнутая праверка пракуратуры па факце затрыманьня 7 лістапада Івана Шылы, калі супрацоўнікі міліцыі гвалтона разагналі салігорскую акцыю "Камунізм пад трыбунал", але убачылі пры гэтым прыкметы зьдзяйсьненьня крымінальнага злачынства з боку моладзевага актывіста ў аказаньні супраціву супрацоўнікам праваахоўных органаў. Калі пракуратурай будзе падцьверджаны гэты факт, яна можа ўзбудзіць крымінальную справу.
Як ужо паведамлялася раней, на такую ж суму - 2 мільёны 480 тысяч - па 4 адміністратыўных пратаколах была аштрафаваная вучаніца 10-га кл. Крысьціна Самойлава. Два пратаколы былі складзеныя па арт.23.34 КаАП і два - па арт. 23.4 КаАП, і па кожнаму з іх дзяўчына атрымала па 20 б.в. Месяц таму адміністратыўная камісія Салігорскага выканкаму таксама разглядала некалькі пратаколаў, складзеных на Крысьціну за ўдзел у несанкцыянаваных мерапрыемствах, аднак тады моладзевай актывістцы вынеслі толькі папярэджаньне.
Яшчэ адзін удзельнік салігорскіх падзеяў Андрусь Тычына атрымаў папярэджаньне.
Агулам камісіяй былі разгледжаныя 11 пратаколаў супраць моладзевых актывістаў. Вынесеныя прысуды моладзевыя актывісты зьбіраюцца абскардзіць згодна з дзеючым заканадаўствам.