У пракуратуру Ленінскага раёну Горадні была выклікана былая кандыдатка ў дэпутаты, сябра АГП Марына Багдановіч.
Марына Багдановіч давала паказаньні наконт свайго перадвыбарчага радыёвыступу, у якім быццам бы ўтрымлівалася абраза прэзыдэнта Лукашэнкі.
Пра гэта паведаміла Радыё Свабода. Марына Багдановіч, як Алег Волчак і Аляксандар Цынкевіч, была зьнятая зь перадвыбарчай гонкі быццам бы за абразу Лукашэнкі. Цэнтарвыбаркам накіраваў адпаведныя матэрыялы ў пракуратуру, і гэтая справа прынятая да вытворчасьці. Сёньня цягам двух гадзінаў сьледчы Сяргей Шастоў запісваў паказаньні Марыны Багдановіч наконт яе выступу на радыё. Спадарыня Марына перадала ў пракуратуру шэраг матэрыялаў, апублікаваных у сродках масавай інфармацыі, тэксты інтэрвію і заяваў кіраўніка краіны, на падставе якіх яна адзначыла ў перадвыбарчым выступе, што сродкі ад продажу зброі паступаюць у фонд, якім бескантрольна распараджаецца прэзыдэнт Лукашэнка.