Міністэрства інфармацыі вынесла папярэджаньне незалежнай газэце «Кур’ер з Барысава»
Барысаўскае выданьне, паводле Міністэрства інфармацыі, парушыла закон аб друку. Як паведаміла рэдактар “Кур’еру з Барысава” Людміла Атчанашанка, газэце прад’яўленае падвоенае абвінавачаньне. “Па-першае, яны палічылі, што калі мы рэклямна-інфармацыйная газэта, то не павінны друкаваць інфармацыі масава-палітычнага зьместу. Хаця нідзе не вызначана, што гэта за такая інфармацыя. Па-другое, заснавальнік нібыта мусіць значыцца ў выходных дадзеных, як і рэдактар газэты”, -- гаворыць рэдактарка “Кур’еру.
Паводле супрацоўнікаў газэты, міністэрства пакарала іх за інфармаваньне барысаўчан пра дзейнасьць мясцовых дэмакратычных сілаў.
Сёньня “Кур’ер” мае ў Барысаве шырокае кола чытачоў, якія арыентуюцца на дэмакратычныя каштоўнасьці.
Газэта выдаецца двойчы на тыдзень і мае 18-тысячны наклад.
Беларуская асацыяцыя журналістаў таксама лічыць абвінавачаньні надуманымі.
“У дадзеным выпадку Міністэрства інфармацыі занялося, па вялікім рахунку, цэнзурай, бо яно выносіць папярэджаньне, зыходзячы са зьместу газэты. У першую чаргу, гэта рэклямнае выданьне. І рэклямныя матэрыялы займаюць у ім той аб’ём, які яны і павінны займаць. Ніякіх парушэньняў у гэтым няма. Я лічу, што гэтае папярэджаньне, як і наагул тыя ненарматыўныя акты, якія Міністэрства інфармацыі выносіць апошні час – гэта нездаровая актыўнасьць гэтага міністэрства і тое ўмяшальніцтва дзяржавы ў дзейнасьць СМІ, якое не павінна дазваляцца ў дэмакратычнай дзяржаве”, -- паведаміў “Радыё Свабода” намесьнік старшыні БАЖу Андрэй Бастунец.