Беларуская мова можа зьнікнуць з ВНУ
Кіраўніцтва ГА «Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны» (ТБМ) выступае супраць мяркуемага вываду курса прафесійнай лексікі беларускай мовы з навучальных праграм ВНУ і мае намер гэтаму супрацьстаяць.
Дадзеная праблема абмяркоўвалася 16 снежня ў Мінску на пасяджэнні рады ТБМ. Як зазначыла намеснік старшыні ТБМ Людміла Дзіцэвіч, дзякуючы намаганням гэтай арганізацыі ў сёлетнім навучальным годзе ўдалося адстаяць выкладанне курса прафесійнай лексікі беларускай мовы ў ВНУ. Разам з тым, паводле яе слоў, у сувязі з планамі ўвядзення з будучага навучальнага года новых адукацыйных стандартаў па сацыяльна‑гуманітарных дысцыплінах у ВНУ і іх магчымым пераходам на чатырохгадовы тэрмін навучання курс прафесійнай лексікі беларускай мовы можа быць выключаны з навучальных праграм.
Старшыня ТБМ Алег Трусаў падкрэсліў, што вывядзенне гэтага курса з навучальных праграм ВНУ прывядзе да рэзкага скарачэння сферы ўжывання беларускай мовы, бо яе лексіка па многіх прафесіях выкладаецца толькі ў ВНУ.
«Так, з беларускамоўнай тэрміналогіяй па археалогіі, архітэктуры і вышэйшай матэматыцы будучыя спецыялісты могуць азнаёміцца толькі шляхам вывучэння гэтага спецыяльнага курса», — сказаў А.Трусаў. Паводле яго слоў, студэнты з вялікай цікавасцю ставяцца да гэтага прадмета, для выкладання якога створаны слоўнікі, падручнікі і праграмы.
Рада ТБМ прыняла рашэнне выступіць з адпаведнай заявай.
Кіраўніцтва ТБМ таксама падтрымала апошнюю волю Гая дэ Пікарды — вядомага англа‑французскага даследчыка старадаўняй беларускай духоўнай музыкі, творчасці беларускіх кампазітараў, тэмы перакладаў Бібліі на беларускую мову і пытанняў гісторыі Вялікага княства Літоўскага, кавалера медаля Францыска Скарыны, члена Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў — аб пахаванні яго праху ў скрыпце Мінскага касцёла святых Сымона і Алены (Чырвонага касцёла).