viasna on patreon

Суд задаволіў зыск М. Чаргінца амаль поўнасцю

2007 2007-12-20T17:59:27+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be

50 мільёнаў рублёў з выдаўцоў «Новага часу» і 1 млн. – з журналіста Аляксандра Тамковіча пастанавіў спагнаць суд Першамайскага раёна на карысць Мікалая Чаргінца. Суддзя Алена Ананіч прызнала не адпаведнымі рэчаіснасці і зневажальнымі ўсе вытрымкі з артыкулу А. Тамковіча, да якіх выстаўляў прэтэнзіі зыскоўца. Акрамя гэтага, суд абавязаў адказчыкаў абвергнуць распаўсюджаныя ў артыкуле «Генерал-сенатар Мікалай Чаргінец» звесткі, прынесці М. Чаргінцу прабачэнні (чаго ў зыскавых патрабаваннях нават не было) і пакрыць усе судовыя выдаткі.

Слуханні па зыску пачаліся раніцай 19 снежня.

Прадстаўніца М. Чаргінца Ірына Меньшыкава паведаміла, што яе давяральнік зменшыў суму сваіх зыскавых патрабаванняў: для А. Тамковіча – да 5 мільёнаў рублёў (першапачаткова было 100 мільёнаў), для «Время новостей» – да 50 мільёнаў (першапачаткова было 500 мільёнаў). Нагодай для гэтага стаў ліст ад А. Тамковіча, у якім той запэўніў, што не меў на мэце зняважыць героя сваёй публікацыі. У судзе А. Тамковіч падкрэсліў, што гэтае пасланне трэба трактаваць не як прабачэнні, а толькі як шкадаванні з нагоды нервовай рэакцыі М. Чаргінца на артыкул.

У першы дзень суд паспеў заслухаць выступленні бакоў, спрэчкі і паказанні аднаго сведкі з боку зыскоўца. Хадайніцтва адказчыкаў аб правядзенні лінгвістычнай экспертызы публікацыі «Генерал-сенатар Мікалай Чаргінец» суддзя адхіліла.

Сёння раніцай суд заслухаў толькі «рэплікі» з боку адказчыкаў - прадстаўніца М. Чаргінца ад выступлення адмовілася, а сам зыскоўца, як і ў першы дзень слуханняў, у суд не прыйшоў.

З боку адказчыкаў, акрамя А. Тамковіча і шэф-рэдактара «Новага часу» Аляксея Караля, выступалі іх прадстаўнікі – намеснік старшыні ГА «БАЖ» юрыст Андрэй Бастунец і адвакат Анжэла Ратнер. У кароткіх прамовах яны паўтарылі асноўныя тэзы сваіх папярэдніх выступаў.

Анжэла Ратнер падкрэсліла, што зыскоўца не прадставіў суду ніводнага доказу таго, што перанёс у звязку з публікацыяй маральныя пакуты, за якія патрабуе буйную кампенсацыю. Акрамя гэтага, распаўсюджаныя ў артыкуле «Генерал-сенатар Мікалай Чаргінец» звесткі, якія пакрыўдзілі М. Чаргінца, з’яўляюцца не фактычнай інфармацыяй, а выказваннем меркавання журналіста, прычым у карэктнай форме, – зазначыла адвакатка.

Гэтую думку працягнуў Андрэй Бастунец. Па яго словах, большасць фраз з артыкулу, якія сталі нагодай для зыску, не могуць быць абвергнутыя, а толькі «аспрэчаныя ў парадку дыскусіі», бо з’яўляюцца ацэначнымі суджэннямі. (Да прыкладу, выказванне А. Тамковіча пра даволі нізкую якасць творчай прадукцыі М. Чаргінца). Паводле арт. 33 Канстытуцыі РБ, ніхто не можа быць змушаны да адмовы ад сваіх перакананняў, – нагадаў юрыст.

А. Бастунец падкрэсліў таксама, што некалькі выразаў у артыкуле , на якія пакрыўдзіўся зыскоўца, уяўлялі сабою дакладны пераклад на беларускую мову вытрымак з розных інтэрв’ю самога М. Чаргінца. (Да прыкладу, словы «карысць» альбо «славалюбства»).

Шэф-рэдактар «Новага часу» Аляксей Кароль падкрэсліў, што зыск М. Чаргінца сведчыць пра імклівае звужэнне тэрыторыі свабоды слова і абмежаванне палітры меркаванняў у нашай краіне.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства