Сьвятар Рэчыцкага касьцёлу змушаны быў пакінуць Беларусь
23 сьнежня грамадзянін Польшчы ксёндз Гжэгаж Худэк быў вымушаны пакінуць Беларусь. На пачатку лістапада мясцовыя ўлады без тлумачэньня прычынаў адмовілі ксяндзу Худэку ў далейшай рэгістрацыі. Паводле неафіцыйнай вэрсіі, прычынай былі выказваньні сьвятара наконт сацыяльных праблемаў у Рэчыцы, апублікаваныя ў газэце "Tygodnik wsсhodni".
Нягледзячы на звароты апостальскага адміністратара Пінскай дыяцэзіі кардынала Казіміра Сьвёнтка да старшыні Рэчыцкага райвыканкаму і на ліст з подпісамі каля 700 вернікаў, адрасаваны Аляксандру Лукашэнку, дамагчыся працягу рэгістрацыі для сьвятара не ўдалося.
На працягу 14 гадоў Г.Худэк служыў у каталіцкім касьцёле Сьвятой Тройцы ў Рэчыцы. Сёньня вернікі ўрачыста разьвіталіся са сьвятаром і праводзілі яго ў Польшчу.
Паводле дэкана Гомельскага дэканату Славаміра Ляскоўскага, неўзабаве ў Рэчыцкі касьцёл Сьвятой Тройцы прыедзе новы сьвятар з Польшчы.