“Ва ўзбуджэньні крымінальнай справы па факце атрыманьня Вамі цялесных пашкоджаньняў адмоўлена…”
Актывісту “Маладога Фронту” Зьмітру Хведаруку, жорстка зьбітаму АМАПам на акцыі “За незалежную Беларусь!”, якая праходзіла падчас прыезда Пуціна, даслалі адказ на скаргу, пададзеную ў пракуратуру.
“Ва ўзбуджэньні крымінальнай справы па факце атрыманьня Вамі цялесных пашкоджаньняў адмоўлена…” - паведамляецца ў адказе, падпісаным кіраўніком упраўленьня МУС Цэнтральнага раёну В.А. Сіняковым. І даёцца парада зьвярнуцца ў Цэнтральны РАЎС.
“Гэта звычайная адпіска, - кажа Зьміцер Хведарук, - ні прычыны адмовы, ні якай іншай дадатковай інфармацыі ня дадзена. Самае цікавае, што мне і некаторым сьведкам ужо тэлефанавалі з Цэнтральнага РАЎСу – запрашалі на размову. І зноў усё як па замкнутым коле”.
Дарэчы, супрацоўнікам Цэнтральнага РАЎСу, які разглядае справу Зьмітра, зьяўляецца знакаміты Анатоль Сушчэня, вядомы ілжывымі сьведчаньнямі супраць апазыцыянераў, шуканьнем трупу на кватэры ў дэмакратычнага актывіста Аляксандра Атрошчанкава перад Эўрапейскім маршам, скандальным судовым працэсам над братам палітыка Вячаслава Сіўчыка Канстанцінам Лукашовым.
Але Зьміцер здавацца не зьбіраецца. “Мы з маёю адвакаткай будзем падаваць чарговую скаргу. Я разумею, што ўсе нашыя намаганьні хутчэй за ўсё ня будуць мець працягу, але лічу неабходным прыкласьці максымум сілаў, каб прыцягнуць злодзеяў да адказнасьці. Магчыма, страх быць пакаранымі хоць неяк паўплывае на гэтых нелюдзяў і больш такіх жудасных выпадкаў не адбудзецца.”