Уначы 13 сьнежня на кватэры, якую наймае намесьнік дырэктара НІСЭПД Аляксандра Саснова быў праведзены ператрус.
Пра гэта паведаміла Радыё Свабода. 13 сьнежня былі апублікаваныя вынікі лістападаўскага агульнанацыянальнага сацыялягічнага апытаньня, праведзенага Незалежным інстытутам сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў (НІСЭПД). Паводле зьвестак сацыёлягаў, за зьмену Канстытуцыі на кастрычніцкім рэфэрэндуме галасавала меншасьць апытаных – 49%. У той жа дзень на менскай кватэры, якую наймае намесьнік дырэктара гэтага інстытута Аляксандар Сасноў, супрацоўнікі КГБ правялі ператрус.
Тры супрацоўнікі КГБ на чале з маёрам цягам паўгадзіны вельмі бегла агледзелі пакоі, сталы, тумбы, паперы. Бачна было, што яны не цікавіліся справамі інстытута, а шукалі нейкія “прылады злачынства” (так было запісана ў пратаколе) паводле крымінальнай справы бізнэсоўца, жонка якога тры гады таму тут нібыта наймала офіс. Па крымінальнай справе гэтага нікому невядомага бізнэсоўца, уласна, і быў прызначаны ператрус. У іх нават не было адпаведнай санкцыі пракурора, толькі рэзалюцыя намесьніка старшыні КГБ. Чамусьці яны вельмі сьпяшаліся, нават ня мелі з сабою чыстых блянкаў пратаколаў ператрусу, так што адзін зь іх пісаў на чыстым аркушы ад рукі.
Відавочна, што нешта зьвязанае з гэтым бізнэсоўцам, якога абвінавацілі ў наўмысным банкруцтве фірмы, знайсьці тут, у кватэры, якую ўжо тры гады наймае супрацоўнік НІСЭПД, не маглі дый не асабліва хацелі. Так што працэдура скончылася фармальна безвынікова, нічога не знайшлі, што я і засьведчыў сваім подпісам пад пратаколам.
На думку Алега Манаева, дырэктара інстытута, сувязь ператрусу з вынікамі апошняга сацапытаньня, згодна зь якім большасьць рэспандэнтаў не пацьвердзіла, што яны галасавалі за зьмену ў Канстытуцыі – навідавоку, бо матэрыялы апошняга сацапытаньня былі шырока распаўсюджаныя сярод СМІ, амбасадаў, арганізацыяў. Алег Манаеў дапускае, што ўлады, відаць, вырашылі правесьці застрашальную акцыю.