У Магілеве донарам пакінулі бясплатны праезд
Калі быць дакладным, “ільготы нікому не вярталі, іх проста захавалі”. Таму што па Законе аб донарстве мясцовым уладам дазволена ствараць дадатковыя льготы для донараў. Як даведалася Еўрарадыё, магілёўскія улады пра “сваіх” ганаровых донараў паклапаціліся яшчэ ў 1998 годзе.
Па словах супрацоўніцы Магілёўскай абласной станцыі крыві Вікторыі Яраховіч, гэта ўсе дзякуючы настойлівасці ўсяго аднаго чалавека:
“У нас быў адзін такі донар, цяпер ён ужо не здае кроў, ён ганаровы донар. Вось ён фактычна адзін пайшоў і дабіўся гэтай ільготы ў мясцовых органаў улады, у выканкаму. І гэтая льгота на бясплатны праезд у грамадскім транспарце існуе ўжо з 98-га года”.
Бо пасля паведамлення пра адмену льгот, колькасць донараў у горадзе знізілася ўдвая. А БРСМ, які абяцаў бясплатна здаваць кроў, пакуль ніяк не адгукнуўся
Калі гэтым летам дэпутаты парламента скасавалі шэраг дзяржаўных ільгот, у магілёўскіх донараў засталіся льготы мясцовыя. Як даведалася Еўрарадыё, улады збіраліся скасаваць і гэтыя льготы таксама. Але, па словах галоўнага лекара Магілёўскай абласной станцыі крыві Барыса Гольдынберга, з лета колькасць актыўных донараў знізілася ўдвая:
“У снежні паўстала пытанне – захаваць альбо скасаваць гэтыя льготы. Мы папрасілі гарвыканкам, і гарвыканкам нас зразумеў. Улічваючы, што ў Магілёве ёсць праблемы з донарствам, вырашылі льготу захаваць”.
Не плаціць за праезд змогуць не ўсе донары, а толькі ганаровыя – тыя, хто здаваў кроў не менш за 40 разоў і не менш за 60 – плазму крыві. Тым не менш, донараў у Магілёве ўсё адно не хапае, скардзіцца лекар:
“Усё ж такі ёсць праблемы з донарамі. Але я ўяўляю сабе, што было б, калі б мы гэтыя мерапрыемствы не правялі”.
Цікава, што калі донары, даведаўшыся пра адмену льготаў, перасталі здаваць кроў, дапамагчы добрай справе выклікалася моладзевая арганізацыя БРСМ. Яны паабяцалі, што будуць бясплатна здаваць кроў. Але пакуль ніводнай кроплі “патрыятычнай” крыві ў Магілёве не атрымалі, кажа Барыс Гольдынберг:
“Паабяцалі, што яны будуць праводзіць акцыі па прыцягненню студэнтаў, школьнікаў, рабочых з ліку сваіх чальцоў у донарства без аплаты. Але пакуль мы гэтага не бачым”.
У сталіцы ж донары, нават ганаровыя, аплочваць праезд будуць. Бо пра іх ніхто не паклапаціўся. У Мінскім гарадскім савеце дэпутатаў Еўрарадыё сказалі, што з такой просьбай ніхто не звяртаўся:
“Калі б да нас звярнуліся, мы б гэта разгледзелі, але да нас ніхто не звяртаўся”.
Дырэктар Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра гематалогіі Міхаіл Патапнюк гаворыць Еўрарадыё, што магчыма і “варта было б падумаць над гэтым пытаннем”. Але зазначае, што гэта справа асацыяцыі донараў.