Гомельскія суддзі карыстаюцца паслугамі правакатараў
Гомельскія суддзі для вынясення замоўленых прысудаў апанентам улады карыстаюцца паслугамі правакатараў. У рукі карэспандэнта БелПА трапіў дакумент, у якім фігуруе прозвішча аднаго са «штатных» сведкаў - Арцёма Смірнова, 1988 года нараджэння, электраманцёра ГЭС. Чаму электарманцёра Смірнова «замкнула» на гэткай бруднай справе, пакуль невядома. Ці прафесійны інтарэс, ці хобі. А зараз пра тое, як манцёр мяняе прафесію.
Апошні працэс, на якім засвяціўся гэты персанаж гомельскага правасуддзя, - суд над мясцовым лідэрам прадпрымальнікаў, актывістам РГА «Перспектыва» Анатолем Рубчэнем. 28 студзеня рашэннем суда Савецкага раёна Гомеля прадпрымальнік быў аштрафаваны на 5 базавых велічыняў на падставе парушэння арт. 17.1 КоАП (лаянка ў грамадскім месцы).
Варта нагадаць, затрыманы супрацоўнікамі міліцыі 18 студзеня Анатоль Рубчэня прасядзеў трое сутак у ІЧС за брыдкаслоўе. Першапачаткова суд меўся адбыцца 21 студзеня, але быў перанесены ў звязку з адсутнасцю сведкі. 28 студзеня суд выслухаў паказанні гамельчука Арцёма Смірнова, які засведчыў, што 18 студзеня ён падышоў да А. Рубчэні і папрасіў запаліць цыгарэту. Апошні груба адмовіў яму і нецэнзурна вылаяўся. Тады «законапаслухмяны» грамадзянін Арцём Смірноў выклікаў супрацоўнікаў міліцыі. Затрыманы прадпрымальнік паведаміў, што насамрэч да яго на вуліцы прычапіўся невядомы, які спачатку папрасіў цыгарэту, а пасля ўдарыў яго па твары.
Што цікавава, напярэдадні Дня Волі ў 2007 годзе Арцём Смірноў ужо даваў аналагічныя паказанні. Праўда, тым разам ягоныя сведчанні былі скіраваныя супраць мясцовага лідэра руху «За Свабоду» Уладзіміра Кацоры. І яшчэ, падчас суда над лідэрам прадпрымальнікаў Анатолем Рубчэнем суддзя не назваў хатні адрас сведкі Смірнова, хаця звычайна такія дадзеныя паведамляюцца прысутным.