Галоўнаму рэдактару недзяржаўнай газеты "Борисовские новости" прад'явілі абвінавачанне ў паклёпе і зьнявазе гонару і годнасьці
Галоўнаму рэдактару недзяржаўнага грамадска-палітычнага штотыднёвіка "Борисовские новости" Анатолю Букасу прад'яўлена абвінавачанне ў парушэнні двух артыкулаў Крымнільнага Кодэксу. 27-га студзеня яму ўручылі адпаведную пастанову. У выпадку, калі А. Букаса прызнаюць вінаватым, яму можа пагражаць абмежаванне волі тэрмінам да 3-х гадоў альбо пазбаўленне волі да 2 гадоў.
Пасля разгляду матэрыялаў крымінальнай справы следчы аддзелу папярэдняга расследавання Барысаўскага ГУУС Сяргей Казлоў прыйшоў да высновы, што А. Букас парушыў ч.2 188 КК РБ (паклёп, які ўтрымліваецца ў публічным выступленні альбо ў СМІ) і ч.2 арт. 189 КК РБ (наўмыснае прыніжэнне гонару і годнасці асобы, выказанае ў непрыстойнай форме).
Падставай для ўзбуджэння справы стаў артыкул А. Букаса "Звезданутый пострел везде поспел, или Молчание ягнят", які з'явіўся ў выпуску газеты № 12 (18-24-га сакавіка 2004 г.). У публікацыі ішла гаворка пра рэдактара газеты Барысаўскага гарвыканкама "Адзінства" Веру Пратасевіч. У прыватнасці, паклёпніцкімі следчы палічыў фразы кшталту "выплеснуть на безликие страницы своёй газетёнки...", "имея уровень стенографиста заводской многотиражки" і інш., а зневажальнымі - "взвалила на себя роль заступника зарвавшихся начальников...", "пришлось бедолаге вернуться в родные пенаты..." і г.д.
Паводле А. Букаса, яго артыкул быў адказам на тры публікацыі ў газеце Барысаўскага гарвыканкама "Адзінства", у якіх Вера Пратасевіч называла яго "дурно воспитанным издателем", параўноўвала з дурным пеўнем і.г.д. У правядзенні лінгвістычнай экспертызы гэтых публікацый у Барысаўскім ГУУС яму адмовілі.
Галоўны рэдактар "Борисовских новостей" упэўнены, што справа супраць яго была ўзбуджана з ініцыятывы гарвыканкама. "Яны недобрасумленным спосабам імкнуцца знішчыць канкурэнта афіцыйнай газеты, наклад і папулярнасць якой значна саступаюць нашай, а разам з тым закрыць выданне, якое друкуе не зусім прыемныя для гарвыканкама матэрыялы", - лічыць А. Букас.
Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў