Пасьля галадоўкі пратэсту пагоршыўся стан здароўя Валерыя Леванеўскага
У палітзняволенага Валеры Леванеўскага рэзка пагоршыўся стан здароўя. Гэта адбылося пасля галадоўкі пратэсту, якую ў адказ на парушэнне сваіх правоў правёў зняволены. Леванеўскі скардзіцца на боль у сэрцы. Па словах сына Уладзіміра, цяпер Валеры Леванеўскі чакае этапа ў рэспубліканскі шпіталь.
Па словах Уладзіміра Леванеўскага, пасля пераводу ў новую калонію 28 снежня Валеры Леванеўскі прабыў у “каранціне” да 4 студзеня, пасля чаго быў накіраваны ў першы атрад. Ужо 6 студзеня Валеры Леванеўскі трапіў у штрафны ізалятар, дзе прабыў пятнаццаць сутак – да 21 студзеня. Чаму і за што Валеры Леванеўскі трапіў у штрафны ізалятар, родныя асуджанага не ведаюць, а адміністрацыя калоніі ніякіх тлумачэнняў з гэтай нагоды не дае.
З 9 студзеня Валерый Леванеўскі трымаў галадоўку, але быў вымушаны спыніць яе 14 студзеня з-за рэзкага болю ў сэрцы. Зараз ён знаходзіцца пад сталым наглядам лекара і чакае, што яго перавязуць у менскі рэспубліканскі шпіталь на медагляд.
– Бацька піша, што недзе ў канцы лютага ці на пачатку сакавіка яго павінны перавесці ў рэспубліканскі шпіталь – так сярод зэкаў называецца медычная ўстанова ў Менску, дзе лечаць зняволеных. Бацька жартуе, што нарэшце за дваццаць год ён зможа прайсці поўную медкамісію. Што датычыцца перспектываў вызвалення, дык тут бацька настроены песімістычна. Ён піша, што адміністрацыя калоніі робіць усё, каб выставіць яго “злосным парушальнікам рэжыму”, а, як вядома, “злосныя парушальнікі” не трапілі пад мінулагоднюю амністыю, – тлумачыць ПАГОНІ Уладзімір Леванеўскі.
Сям’я Леванеўскага сцвярджае, што не ўсе лісты, якія высылае Валеры Леванеўскі, даходзяць да іх.
– Бацька піша нам часта, таму тое, што мы атрымалі, гэта толькі малая частка ўсіх ягоных лістоў, але і гэта ўжо нешта. Гэта для нас радасць, бо ад дзяжурнага ці ад кіраўніцтва калоніі па тэлефоне нічога не даб’ешся, – кажа сын палітзняволенага.
У траўні міне год з таго моманту, як старшыня Агульнанацыянальнага страйкаму прадпрымальнікаў Валеры Леванеўскі знаходзіцца за кратамі. Ён адбывае пакаранне ў калоніі №19 у Магілёве. Нагадаем, што лідэры гарадзенскіх прадпрымальнікаў Валеры Леванеўскі і Аляксандр Васільеў прыгавораны судом да двух гадоў пазбаўлення волі нібыта за «знявагу прэзідэнта Рэспублікі Беларусь».