Міністар унутраных спраў Нямеччыны заклікаў усе эўрапейскія газэты перадрукаваць карыкатуры на прарока Мухамэда
На думку Вольфганга Шойбле, перадрукоўка карыкатураў стане акцыяй пратэсту эўрапейскай прэсы супраць гвалту. Аднак малюнкі мусяць суправаджацца тэкстам: «І мы лічым гэтыя карыкатуры брыдкімі. Але нашая прыхільнасьць да прынцыпаў свабоды слова ня ёсьць нагодай для гвалту».
Пасьля зьяўленьня інфармацыі аб падрыхтоўцы замаху на аднаго з аўтараў карыкатураў на прарока Мухамэда буйнейшыя дацкія газэты перадрукавалі скандальныя малюнкі. Паліцыя затрымала пяць падазраваных. Данія ў чарговы раз зазнала хвалю беспарадкаў.
«Усе эўрапейскія газэты павінныя перадрукаваць карыкатуры прарока Мухамэда», — заявіў міністар унутраных спраў Нямеччыны Вольфганг Шойбле ў інтэрвію нямецкаму штотыднёвіку Die Zeit. Аднак, на думку міністра, малюнкі мусяць суправаджацца абавязковай прыпіскай: «І мы лічым гэтыя карыкатуры брыдкімі. Але нашая прыхільнасьць да прынцыпаў свабоды слова ня ёсьць нагодай для гвалту».
30 верасьня 2005 г. дацкая газэта Jullands Posten надрукавала 12 карыкатур на прарока Мухамэда. Пазьней малюнкі зьявіліся ў адной з нарвэскіх газэтаў. Публікацыі выклікалі хвалю абурэньня ў мусульманскім сьвеце. За забойства аўтараў малюнкаў прапаноўваліся вялізныя грошы.
Тым часам, у Беларусі за перадрук карыкатураў на прарока Мухамэда была зачыненая газэта «Згода», а былы намесьнік рэдактара газэты Аляксандар Зьдзьвіжкоў быў асуджаны на тры гады зьняволеньня ў калёніі узмоцненага рэжыму. 22 лютага 2008 г. калегія судзьдзяў Вярхоўнага суду зьмяніла тры гады турмы трыма месяцамі арышту, якія А.Зьдзьвіжкоў ужо адседзеў у СІЗА, пакуль ішло сьледзтва.