Сьведчаньні беларускіх індуістаў («Сьвет Кайласы»), пацярпелых ад дзеяньнеў ўладаў.
Тацяна Майко: «13 ліпеня 2002 года я ішла ў парк з сябрамі, якія зьяўляюцца маімі адзінаверцамі. У парку нам перагарадзілі дарогу супрацоўнікі міліцыі. Яны патрабавалі, каб мы прайшлі ў міліцэйскую машыну. На нашы пытаньні, чаму мы мусіцм гэта рабіць, яны нічога не адказвалі. А праз некаторы час (пасьля перамоваў па рацыі). Яны пачалі хапаць нас і цягнуць у машыну. Потым нас адвезьлі ва Упраўленьне міліцыі Фрунзенскага раёну, адтуль адвезьлі ў сьпецпрыёмнік, дзе трымалі да суда, які адбыўся праз два дні – 15 ліпеня. Суд прызнаў мяне і маіх сяброў вінаватымі ў правядзеньні несанкцыянаванага шэсьця, сьведкамі выступалі міліцыянеры, якія нас затрымлівалі. У сьпецпрыёмніку нас трымалі ў маленькім памяшканьні, дзе месца хапае легчы толькі ў рад. У міліцыі і сьпецпрыёмніку ў нас бралі адбіткі пальцаў, як у сапраўдных злачынцаў. Пасьля ў міліцыі нават не дазволілі памыць рукі. Гэта было вельмі зьняважліва. У сьпецпрыёмніку мы нічога не елі -- такім чынам выказвалі нязгоду з нашым арыштам. У сьпецпрыёмніку нам не дазвалялі маліцца, пагражалі пасадзіць за гэта ў «адстойнік», дзе можна толькі стаяць. Ахоўнікі паводзілі сябе вельмі груба. Некаторым жанчынам патрэбны былі гігіенічныя сродкі, дык давялося вельмі доўга і настойліва прасіць, каб патэлефанавалі нашым знаёмым і папрасілі перадаць. Калі нас затрымалі, то не паведамілі дамоў пра нашае затрыманьне, а ў некаторых дома засталіся малыя дзеці. З намі была жанчына на 8-ым месяцы цяжарнасьці. Яе разам з усімі запіхалі ў міліцэйскую машыну, у яе бралі адбіткі пальцаў і да ночы трымалі ў РУУС. З намі быў сьляпы чалавек, інвалід І группы па зроку. Яго таксама зьняважалі, а потым позна ўвечары адпусьцілі разам з цяжарнай жанчынай, а яго жонку, якая даглядае за ім, пасадзілі ў сьпецпрыёмнік. Усе гэта здарэньне мяне жудасна ўразіла».
Раманчык Сяргей: «13 ліпеня я разам са сваімі таварышамі ішоў да месца правядзеньня медытацыі. Па дарозе нас спынілі супрацоўнікі міліцыі, быццам бы мы паводзім незаконнае шэсьце. Нічога не кажучы яны пачалі нас запіхваць у машыну. Потым нас павезьлі ў РУУС, дзе склалі пратаколы. Міліцыянты самі не ведалі, што з намі рабіць, іх начальнікі з кімсьці кансультаваліся па тэлефоне. Мяне разам з астатнімі давезьлі ў сьпецпрыёмнік, дзе пратрымалі да суда. На судзе мяне абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным шэсьці. Суд прызначыў мне штраф – дзвесьце тысяч беларускіх рублёў у даход дзяржавы».
Ашмарына Улада: «Сябры прапанавалі мне прыняць удзел ў несанкцыянаванай медытацыі, якую праводзіла група індуістаў «Сьвет Кайласы». Я добра ведаю гэтых людзей, мы з імі адной рэлігіі, таму я пагадзілася. Медытацыя павінна была праходзіць у парку 60-годдзя СССР у выхадны дзень. Мэты зьвярнуць на сябе ўвагу ў нас не было. Палітычных мэтаў мы таксама не ставілі. А месца было вызначана наўскрайку горада, дзе ў субботу людзей звычайна мала. Калі мы сабраліся разам, было вырашана прайсьці ў глыбіню парка. Мы пайшлі побач з праезджай часткай, у гэты час зьявілася міліцэйская машына, якая да нас не набліжалася, а ўвесь час трымала дыстанцыю. А праз некалькі хвілінаў зьявіўся міліцэйскі мікрааўтобус. Нас акружылі супрацоўнікі міліцыі. Нам наогул нічога не прапанавалі на той момант. Яны толькі перамаўляліся паміж сабой па рацыі. Затым нам абвясьцілі, што мы затрыманыя для высьвятленьня асобаў. Ніякіх іншых размоваў з намі весьці не захацелі. А калі мы сталі гаварыць пра парушэньне правоў, нас груба запіхалі ў аўтобус. Да некаторых былі ўжытыя асабліва жорсткія меры – хлопцам выкручвалі рукі і ў голас пагражалі ўсім фізічнай расправай. У Фрузенскім РУУС нас пратрымалі больш за тры гадзіны, а потым пачалі дапытваць, узялі адбіткі пальцаў, зрабілі фотаздымкі – усё як фільмах, нібыта мы нейкія жудасныя злыдні. Пасьля яны доўга вырашалі, што з намі рабіць. Некаторых адпусьцілі. Астатніх адправілі ў сьпецпрыёмнік-разьмеркавальнік на Акрэсьціна. Калі ў панядзелак адбыўся суд, мы ўбачылі, што гэта спланаваная і ўжо вырашаная з і боку справа. Нас прымусілі ўзяць адваката, пагражаючы, што калі мы адмовімся, то тых, каго прывезьлі з Акрэсцьіна, адвязуць назад на 5 сутак. Міліцыянты, якія нас затрымлівалі выступалі ў якасьці сьведкаў. Суддзі не зьвярталі ўвагу на тое, што ўсе сьведкі-міліцыянты гаварылі рознае і супярэчылі самі сабе. Не зацікавілі суддзяў і тое, што пры нашым затрыманьні быў парушаны Адміністратыўны Кодэкс, -- пратаколы затрыманьня на нас складалі тыя, хто ўвогуле ў гэтым не ўдзельнічаў. Сярод сьведкаў былі таксама міліцыянты, якія не прымалі ўдзел у нашым затрыманьні. Судовыя рашэньні былі таксама аднатыпныя. Склалася ўражаньне, што ў пастановах проста зьмянялі імя і памеры штрафа. Адзін супрацоўнік міліцыі пасьля суда з ухмылкай сказаў: «А чаго вы хацелі ад бабы з завязанымі вачыма?» Ён меў на ўвазе Феміду – багіню Закона і Права старажытных часоў. Нам сказалі, што абавязкова прыйдуць і канфіскуюць маёмасьць, калі мы не заплацім штрафы. А ў нашай групе шмат студэнтаў, у некаторых малыя дзеці, такіх грошай у нас проста няма».
Кавалёва Вольга: «Нас пачалі хапаць і цягнуць да машыны. Некаторыя з нас спрабавалі ўцячы, а некаторыя (у тым ліку і я) сядалі на зямлю і адмаўляліся ісьці. Два міліцыянеры закруцілі мне рукі і павялі да машыны. У нас забралі нашы рытуальныя прадметы. У Фрунзенскім РУУС нас прыніжалі. Размаўлялі з намі ў зьняважлівай форме, зьдзекваліся з нашай веры і неахайна абыходзіліся са сьвятымі і рытуальнымі прадметамі. Спачатку нас хацелі адпусьціць. Але пасьля прыехаў нейкі чалавек у цывільным. Ён размаўляў вельмі зьняважліва, абражаў нас. Гэты чалавек не прадставіўся, але менавіта ён вырашыў, што дадому пойдуць толькі тыя, хто мае дзяцей, цяжарная і сьляпы, а астатнія – у сьпецпрыёмнік. Усе гэта цягнулася вельмі доўга. І толькі пасьля доўгіх патрабаваньняў дазволілі выходзіць у прыбіральню і пачалі даваць ваду. У сьпецпрыёмніку з намі абыходзіліся вельмі зьняважліва – крычалі, пагражалі зьбіцьцём абцялі адправіць у «адстойнік». У знак пратэсту мы абвясьцілі галадоўку і пілі толькі ваду».
Вяткіна Марыя: «Яны затрымалі нас быццам бы для высьвятленьня асобы, але калі мая асоба была высьветлена, ім падалося, што гэтага мала, і мяне адправілі на Акрэсьціна, дзе трымалі каля 2 сутак. Яны не ўлічылі, што на маім папячэньні знаходзіцца муж – інвалід группы па зроку. Потым быў суд, і мяне аштрафавалі на 200 тысяч беларускіх рублёў».
Сілібін Сяргей: «Сярод нас была цяжарная жанчына на 8-ым месяцы і сьляпы хлопец, іх таксама схапілі і закінулі ў машыну. Чалавек у цывільным, як сапраўдны бандыт, не прадставіўшыся, выхапіў відэакамеру ў дзяўчыны. У міліцыі нам сказалі, што высьветляць нашы асобы і адпусьцяць. Але праз пяць гадзінаў нас абвінавацілі ў правядзеньні несанкцыянаванага шэсьця. Адвялі на допыт і маладую цяжарную жанчыну, якую лёгка запалохаць. Падчас допытаў мы абураліся, казалі: «Мы індуісты хацелі медытаваць у пустым парку». Да суда адпусьцілі цяжарную жанчыну, сьляпога і жанчын, у якім былі малыя дзеці. На Акрэсьціна мы абвясьцілі галадоўку. 15 ліпеня адбыўся суд – хуткі і несправядлівы».
Фрагмент Пастановы суда Фрунзенскага раёну: «15 ліпеня 2002 года суддзя па адміністратыўных справах суда Фрунзенскага раёну г. Мінска Лукомская Ю.Ю., разгледзеўшы матэрыялы, паступіўшыя ад начальніка РУУС Фрунзенскага раёну г. Мінска ў адносінах:
Ашмарынай Улады Вітальеўны, 26 жніўня 1974 года нараджэньня.
Пастанавіла: 13 ліпеня 2002, у перыяд часу з 16.40 да 16.45 Ашмарына У.В. прымала ўдзел у вулічным шэсьці па вул. Матусевіча, арганізаваным рэлігійнай суполкай «Сьвет Кайласы», аб правядзеньне якога адсутнічаў дазвол Мінгарвыканкаму, парушыўшы тым самым вызначаны парадак правядзеньня вулічных шэсьцяў. У судзе віну не прызнала, патлумачыла, што накіроўвалася разам з іншымі ўдзельнікамі суполкі «Сьвет Кайласы» у парк для правядзеньня калектыўнай медытацыі, пры гэтым мэту прыцягнуць ўвагу навакольных не мелі. Прапаганда не праводзілася. Аб'явы пра гэтую акцыю былі зьмешчаныя на сайтах індуістаў у Інтэрнеце з мэтай запрашэньня зацікаўленых асобаў. Рэлігійнае таварыства «Сьвет Кайласы» нідзе не зарэгістраванае. (…) Згодна Арт.2 Закона Рэспублікі Беларусь ад 30 сьнежня 1997 года «Аб сходах, мітынгах, вулічных шэсьцях, дэманстрацыях і пікетаваньнях», вулічным шэсьцем зьяўляецца ў тым ліку масавы рух грамадзянаў па пешаходнай і праезджай частцы вуліцы (дарогі), бульвара, прасьпекта, плошчы з мэтай публічнага выяўленьня сваі рэлігійных настрояў.
З паказаньяў сьведкі Джалілава Р.Д. вынікае, што па вуліцы Матусевіча рухалася арганізаваная группа людзей ў колькасьці 15-17 чалавек, якія былі апранутыя ў адзеньне чорнага колеру. На тварах былі намаляваныя аднольавыя сімвалы. У руках знаходзіліся драўляныя кіі, а таксама трэзубцы. У групе быў сьцяг, а таксама транспарант з надпісам, гучалі барабанчыкі. Людзі ішлі ў калоне, грукалі ў барабанчыкі і штосьці выкрыквалі. Група прыцягвала ўвагу навакольных людзей. Рух группы фіксаваўся на відэакамеру дзяўчынай, якая пасьля таксама была затрыманая. Перад затрыманьнем удзельнікам шэсьця было прапанавана разыйсьціся, яны адмовіліся. Пасьля чаго было прынятае рашэньне пра затрыманьне, бо дазвол на правядзеньне вулічнага шэсьця адсутнічаў»
Па матэрыялах Праваабарончага цэнтру «Вясна» падрыхтавала Паліна Сьцепаненка