viasna on patreon

Як рэгіянальныя чэкісты вярбуюць маладых

2008 2008-02-28T18:09:58+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Магіляўчанін Алесь Паплыка,сябра БСДП, ўдзельнік намётавага лагеру на Кастрычнікай плошчы ў 2006 годзе, распавядае пра свае сустрэчы з супрацоўнікам КДБ.

– Калі табой пачалі цікавіцца супрацоўнікі міліцыі і КДБ?

– Усё пачалося пасля паўтарагадовай вучобы ў Польшчы. Як вярнуўся дадому, праз некалькі тыдняў атрымаў позву явіцца ў Леніскі РАЎС Магілёва, прычым гэта было 21 студзеня, калі мусілі адбыцца мітынгі прадпрымальнікаў, у тым ліку і ў Магілёве. У РАЎСе мяне пратрымалі пару гадзінаў, дзе запытвалі аб падзеях у Менску падчас мітынгу 10 студзеня – ці браў я ў іх удзел, што пра гэта ведаю.

Праз пару тыдняў да мяне дамоў прыйшоў супрацоўнік КДБ. Ён пазваніў у дзверы, назваўся Аляксандрам, расказаў, якую спецслужбу прадстаўляе і прапанаваў паразмаўляць. Пачаў задаваць пытанні, кшталту дзе вучыўся ў Польшчы, што там рабіў. Ненарок распавёў усю маю біяграфію. Яго цікавіла праграма Кастуся Каліноўскага, хто там галоўны, хто ёй займаецца, якія арганізацыі спрычыніліся да гэтай праграмы, ці ладзілі мы ў Польшчы якія-небудзь акцыі і мітынгі. Я мала чаго сказаў, бо сам дакладна ўсяго і не ведаў. Размова працягвалася каля двух гадзінаў, пасля чаго ён сказаў, што патэлефануе, каб дамовіцца аб чарговай сустрэчы. Было цікава, што ён, нарэшце, ад мяне хоча, таму і не працівіўся.

Падчас размовы Аляксандар шмат распавядаў аб палітыцы, Расеі, вялікай нашай будучыні і г.д.

– Ці паказваў ён табе сваё пасведчанне?

– Не. Напэўна, трэба было папрасіць, але я не адважыўся на гэта з-за сваёй мяккасці і сціпласці.

– Што было далей?

– Другім разам мы сустрэліся праз чатыры дні, хоць дамаўляліся праз тры, – напэўна ў іх тактыка такая. За гэты час я падаў дакументы, каб уладкавацца на працу рабочым, на прадпрыемства "Магатэкс". Аляксандр ведаў пра гэта, бо начальнік аддзела кадраў падала маё прозвішча на праверку ў КДБ. Ён запытваў мяне аб далейшых планах, ці жадаю  вярнуцца назад на вучобу ў Польшчу. Я сказаў што маю такі намер, бо ёсць дамова з маім дэканам аб тым, каб прадоўжыць вучобу на другім факультэце. Гэбіст прапаноўваў мне свайго роду працу ў Польшчы – рабіць фотаздымкі з розных мерапрыемстваў, збіраць патрэбную ім інфармацыю. Гутарка ішла таксама і пра грошы. Яна была ўскользь. Называлася сума ў памеры двух мільёнаў рублёў за працу. Прычым усё падавалася так, што ў мяне проста няма іншага выйсця, як пачаць працу на КДБ.

У трэці раз ён уведаў пра тое, што я не магу зрабіць візу каб выехаць у Польшчу. Аляксандр пачаў прапаноўваць мне выйсце з сітуацыі.

Першы сцэнар быў такі – я мушу стаць сябрам нейкай апазіцыйнай арганізацыі ці партыі. Потым я мушу там засвяціцца, з’ездзіць за мяжу ад імя гэтай арганізацыі ці партыі, пры гэтым чэкіст абяцаў дапамагаць.

Другі варыянт выезду ў Польшчу – асабістае запрашэнне ад каго-небудзь. Прычым тут ён браў справу ў свае рукі і абяцаў дапамагчы ў тым выпадку, калі першы сцэнар праваліцца. Я так разумею, што ў іх там ёсць свае людзі, якія бы маглі такое запрашэнне зрабіць.

Пра іншыя варыянты ён не казаў, але гаварыў што яны таксама ёсць.

– Кім з магілёўскіх актывістаў цікавіўся супрацоўнік КДБ?

– Яшчэ на першай сустрэчы ён распытваў мяне пра тых, каго ведаю з магілёўскай апазіцыі. Я адказаў адмоўна, бо, паўтары гады не быў у Беларусі і згубіў сувязі. Ён называў прозвішча, напрыклад Тацяны Буланавай з "Маладога Фронта", куды прапаноўваў уступіць, бо арганізацыя становіцца моцнай з-за таго, што выпушчаны на волю яе лідары, нават даў мне нумар гэтай Тацяны. Распытваў таксама пра Ганну Ільіну. Сказаў каб я працаваў з ёй, бо ў неабходны момант здолею заняць яе месца. Задаваў таксама пытанні пра кіраўнічку прафсаюза РЭП Галіну Лісіцыну, пра звольненага з "Магілёўліфтмаша" інжынера Ігара Барысава, пытаўся, хто выпускае газету "НАШ Магілёў".

– Колькі ўсяго было сустрэчаў?

– Каля 10-12. Сэнс сустрэчаў быў адзіны – мой гэбіст распытваў мяне пра розныя арганізацыі і хацеў, каб я прыносіў да яго незалежныя магілёўскія газеты.

– Ці пагражаў табе супрацоўнік КДБ?

– Так. Але гэта рабілася вельмі тонка. Напрыклад, ён казаў: мы ведаем, што ты ўладкоўваешся на працу, на цябе ёсць шмат кампраметуючых дакументаў – калі вышлем на працу, то цябе не тое што не возьмуць туды, але яшчэ звольняць і маці, і бацьку. Будуць праблемы і з усім астатнім. Прычым што ён меў на ўвазе пад "усім астатнім", я так і не зразумеў.

– Ці атрымоўваў ты нейкія спецыяльныя заданні?

– Самае малое – гэта прынесці незалежныя мясцовыя газеты. Потым уступіць у якую-небудзь арганізацыю ці партыю (ён не ўлічыў той момант што я сябра БСДП з 2004 года). Адзін раз ён прыйшоў і сказаў, што сёння, адбываецца сустрэча на былым "Коле сяброў": трэба туды схадзіць. Гэта была, дарэчы, сустрэча Зміцера Дашкевіча з магілёўскімі актывістамі. Наступны раз ён запытваў мяне пра гэтаю сустрэчу, што там было, што адбывалася, але я на 100 працэнтаў упэўнены: ён усё ўжо гэта ведаў. Проста правяраў – буду я хлусіць, ці казаць праўду.

– Ці прапаноўваў ён падпісаць якія-небудзь дакументы аб супрацоўніцтве?

– Хацеў распіску, што я не буду хлусіць. Апошнія 4-5 сустрэч ён кожны раз узгадваў пра гэта, але я кожны раз гэта адкладаў.

– У якім месцы праходзілі сустрэчы?  

– Усё адбывалася ў жылым дворыку, які знаходзіцца паміж другім корпусам Беларуска-Расейскага ўніверсітэта і былым барам "Стрелка". Ён заўсёды пад’язджаў на цёмна-сіняй машыне маркі "Volkswagen Vento".  Нумар машыны 4282.  Казаў, гэта службовая машына.

– Чаму ты пасля такой колькасці сустрэч з супрацоўнікам КДБ вырашыў распавесці аб гэтым грамадскасці?

– Па-першае, мне было проста цікава, што гэты чалавек хоча – так толкам і не зразумеў. Аднак аб кожнай такой сустрэчы ведалі мае блізкія сябры, і таму я быў спакойны, што ніхто з іх і іншых не ўспрыме мяне як "сэксота".

– Калі вы бачыліся з ім апошні раз?

– Апошні раз мы з ім сустрэліся каля тыдня таму. Я яму сказаў каб ён мне больш не тэлефанаваў і не прыходзіў да дому, бо мае бацькі падазраюць, што я кантактую з КДБ, і яны вельмі з гэтай нагоды хвалююцца. Адзін раз ён патэлефанаваў мне і хацеў паразмаўляць, але я проста паклаў слухаўку.

– Якія твае планы на будучыню?

– Я ўладкаваўся на працу і пакуль што працую, але ёсць планы зноў прадоўжыць вучобу ў Польшчы.

– Якія наступствы могуць быць ад таго, што ты выносіш на публіку вашыя сустрэчы?

– Я не баюся. Мне няма чаго баяцца. Я нічога не рабіў і не раблю супрацьзаконнага. 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства