viasna on patreon

Міліцыя дзяжурыць ля Польскага цэнтру ў Гародні

2008 2008-03-29T16:53:32+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Ад раніцы гарадзенскія міліцыянты намагаюцца правесьці ператрус у памяшканьні Польскага цэнтру бізнэсу й турызму, дзе зьбіраюцца сябры непрызнаванага беларускімі ўладамі Саюза палякаў.

Цяпер каля цэнтру шмат людзей рознага ўзросту, якія падтрымліваюць Анжаліку Борыс.

Прыкладна а палове дзявятай раніцы побач з офісам непрызнаванага ўладамі Саюза палякаў машынамі ДАІ быў заблякаваны мінібус, у якім сядзела Анжаліка Борыс і яшчэ некалькі ейных калегаў. Яны зьбіраліся некуды ад’ехаць. Міліцыянты запатрабавалі правесьці праверку мінібуса й офіса. Аднак усе хуценька выйшлі з машыны, зачынілі яе й папросту разышліся, адказаўшы міліцыянтам, што ня маюць ключоў ад офіса.

А падлове на дзясятую на машыне ДАІ прывезьлі кіраўніка Польскага цэнтру бізнэсу й турызму Зыгмунта Пелуця, які адчыніў памяшканьне офіса. Міліцыянты зьнешне яго агледзелі, але не змаглі адчыніць аднаго пакойчыка – у спадара Пелуця не было ключоў.

Спадар Пелуць спрабаваў удакладніць, што яны шукаюць і на падставе чаго. У адказ адзін зь міліцыянтаў запытаўся, ці няма ў офісе незарэгістраваных выданьняў.

Дзьверы офісу ламаць ня сталі, паколькі ў міліцыянтаў відавочна не было на гэта дазволу. За дзьве гадзіны ў памяшканьне прыйшло шмат людзей, сябраў Саюза палякаў, пераважна сталага веку. Яны й зараз сядзяць там, сьпяваюць песьні й п’юць гарбату.

Адзін зь міліцыянтаў прапанаваў усім разысьціся, маўляў, тады й яны ад’едуць ад офісу. Людзі не пагадзіліся, яны надалей сядзяць у офісе, а міліцыянты дзяжураць побач з будынкам. Такая сытуацыя працягваецца ўжо чатыры гадзіны.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства