Актывіста “Народнай грамады” Васіля Ваўранюка звольнілі з працы
Васіль Ваўранюк, які 24 гады адпрацаваў у мытных органах, лічыць, што такім чынам яго пакаралі за палітычную і грамадзкую дзейнасьць.
Сябры Берасьцейскай гарадзкой арганізацыі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная грамада” на гэтым тыдні абралі кіраўніком сваёй суполкі Васіля Ваўранюка. Гэтае рашэньне супала зь іншай падзеяй: спадара Ваўранюка звольнілі з працы. Вось што на гэты конт сам актывіст “Народнай грамады” сказаў карэспандэнту Радыё Свабода: “Са мной ня быў працягнуты кантракт пасьля 24-гадовай працы ў Берасьцейскай мытні, хаця я не парушыў ніводнага пункту кантракту. Затое я браў актыўны ўдзел у выбарчай кампаніі 2004 году на баку апазыцыі”.
Спадар Ваўранюк кажа, што ў леташнюю выбарчую кампанію ад мытнікаў увогуле патрабавалі рабіць шмат таго, што ніяк не зьвязана зь іхнай службовай дзейнасьцю: “На выбарах мытнікі прымусова павінны былі галасаваць датэрмінова. За гэтым пільна сачыла кіраўніцтва мытні. Кожны дзень даваліся даведкі начальніку Берасьцейскай мытні Мікалаю Сьвірыду пра тое, хто яшчэ не прагаласаваў датэрмінова. Непасрэдна на выбарах я быў назіральнікам і склаў пратакол аб фальсыфікацыях падчас падліку галасоў”.
Паводле словаў спадара Ваўранюка, адразу пасьля выбараў кіраўніцтва мытні папярэдзіла яго, што актыўная палітычная дзейнасьць можа паўплываць на падаўжэньне кантракту, які скончыўся сёлета ў лютым.
Намесьнік кіраўніка Берасьцейскай мытні Канстанціна Руцкага абвяргае вэрсію пра тое, што Васіля Ваўранюка звольнілі паводле матываў, не зьвязаных зь ягонай прафэсійнай дзейнасьцю: “Ну якія могуць быць палітычныя падаплёкі... Мы палітыкай увогуле не займаемся і ня хочам у яе лезьці. Ня толькі з Ваўранюком, але і зь іншымі мытнікамі кантракты не працягнутыя з прычыны адсутнасьці вышэйшай адукацыі і непрыняцьця захадаў дзеля яе атрыманьня”.