Расійскія праваабаронцы будуць ініцыяваць узбуджэньне ў Расіі крымінальных справаў па фактах палітычна матываваных зьнікненьняў у Беларусі
Круглы стол “Правы чалавека ў Рэспубліцы Беларусь”, які адбыўся 24 лютага ў Маскве з ініцыятывы Савету па знешняй і абароннай палітыцы – унікальная падзея ў стасунках паміж беларускімі праваабаронцамі і расійскім бокам. Расійскі бок на дадзеным мерапрыемстве быў прадстаўлены кіраўніком Савету Сяргеем Караганавым, упаўнаважаным па правах чалавека Уладзімірам Лукіным, кіраўніком Камісіі па правах чалавека пры прэзідэнце Расійскай Федэрацыі Элай Памфілавай, дырэктарам Інстытуту па правах чалавека Валянцінам Гефтэрам і шэрагам вядомых грамадзсмкіх дзеячоў, палітолагаў. З Беларусі ў круглым стале ўзялі ўдзел старшыня Беларускага Хельсінкскага камітэту Тацяна Процька, юрыст БХК Алег Гулак, прадстаўнік Праваабарончага цэнтру “Вясна” Тацяна Рэвяка, намесьнік дырэктара НІСЭПД Аляксандр Сасноў, кіраўнік аналітычнага цэнтру “Статэгія” Леанід Заіка, намесьнік рэдактара газеты “Народная воля” Сьвяталана Калінкіна і іншыя.
Асноўная ўвага засяроджвалася на трох аспектах: праблема палітычных зьнікненьняў у Беларусі, адсутнасьць свабоды слова і СМІ, пазбаўленьне грамадзянаў Беларусі права ўдзельнічаць у кіраваньні дзяржавай шляхам правядзеньня свабодных выбараў.
Па гэтых пытаньнях былі прынятыя канкрэтныя рашэньні. У бліжэйшы час у Камітэце па правах чалавека пры Прэзідэнце Расіі пройдуць слуханьні па праблеме зьнікненьняў беларускіх палітыкаў і грамадзкіх дзячоў з удзелам родных зьніклых. Пры гэтым Камітэце плануецца ставарэньне адмысловай секцыі па пытаньнях правоў чалавека ў Беларусі.
Уладзімір Лукін выказаўся за стварэньне пры ўпаўнаважаным па правах чалавека Эксьпертнага савета з удзелам прадстаўнікоў Расіі і Беларусі, адным з пытаньняў якога будзе разгляд магчымасьці ўзбуджэньня і разгляду крымінальных справаў аб палітычна матываваных зьнікненьнях у Беларусі ў межах міждзяржаўных пагадненьняў нашых краінаў у галіне прававых узаемадачыненьняў.
Нагадаем, звароты ў Генеральную пракуратуру Расійскай Федэрацыі, ФСБ і МУС аб магчымасьці на падставе гэтых пагадненьняў расьсьледаваць выкраданьне Віктара Ганчара накіравала ягоная жонка Зінаіда Ганчар. Зараз гэтыя звароты будуць пад кантролем расійскіх праваабаронцаў.
Што датычыць праблемаў свабоды слова ў Беларусі, прагучала прапанова стварыць інфармацыйны холдынг Беларусь-Расія. Гэтая ідэя ў бліжэйшы час будзе таксама актыўна распрацоўвацца.
Удзельнікі кругалга стала адным з крокаў дэмакратызацыі беларускага выбарчага заканадаўства і працэсу правядзеньня выбараў палічылі далучэньне нашай краіны да Канвенцыі аб стандартах дэмакратычных выбараў, выбарчых правоў і свабодаў у краінах-удзельніках Незалежных дзяржаваў.