Падаткавікі зацікавіліся даходамі Сяргея Салаша
Не пасьпеў Лукашэнка крыкнуць “ату!”, як зграя кінулася выконваць загад. Чалавек, які займае пасаду прэзыдэнта РБ, раптам палічыў, што варта было б “узмацніць падатковы кантроль за прыбыткамі прафэсійных апазыцыянэраў”, якія “жывуць за кошт замежных сродкаў”.
Гэткае даручэньне Лукашэнка даў 29 красавіка старшыні КДК Зянону Ломацю. А ўжо 30 красавіка актывісту Руху "За Свабоду", намесьніку дырэктара Ўкраінска-расейска-беларускай міжнароднай інфармацыйна-аналітычнай агенцыі “Эўрапейская хваля” (галоўны офіс знаходзіцца ў Кіеве) Сяргею Салашу патэлефанавалі з падаткавай з просьбай даць тлумачэньні па сваіх даходах ажно за 2006 год. Прычым прапаноўвалася даць вусныя тлумачэньні па тэлефоне, а празь нейкі час было заяўлена, што ўся размова запісваецца на дыктафон. Салаш прапанаваў адказаць на ўсе пытаньні, якія цікавяць падаткавікоў, выключна ў пісьмовай форме. Званок адбыўся з нумару 5772264 (МТС) прыкладна а 12-00.
Нагадаем, што Сяргей Салаш зьяўляецца досыць прыкметным грамадзка-палітычным дзеячом у Барысаве. Ён выстаўляў сваю кандыдатуру на мясцовых выбарах 2003, 2004 і 2007 гадоў у Пячах. Усе тры разы яго адмаўляліся рэгістраваць. У 2004 годзе падчас вылучэньня ў г.зв. парлямант Барысаўская акруговая выбарчая камісія адмаўлялася рэгістраваць нават ягоную ініцыятыўную групу, якая налічвала каля 80-ці чалавек. У 2006-м Салаш быў двойчы арыштаваны ў Менску праз удзел у падзеях, зьвязаных з пасьлявыбарчымі пратэстамі. У тым самым годзе на ягоную асабістую кватэру і кватэру бацькоў без тлумачэньня прычынаў і без папярэджаньня была накладзеная забарона на адасабленьне (іншымі словамі – арышт), якая захоўвае сваю правамоцнасьць да сёньняшняга дня. У 2007 годзе Сяргей быў арыштаваны праз спэцапэрацыю, выкананую барысаўскім КДБ і міліцыяй, і кінуты за краты на 5 сутак, якраз у дні галасаваньня на мясцовых выбарах. А ўжо ад красавіка да верасьня Барысаўская пракуратура спрабавала ўзбудзіць крымінальную справу за дзейнасьць ад імя грамадзкай ініцыятывы “За чысты Барысаў!” і выданьне інфармацыйнага бюлетэню “Печы сёньня”. Паралельна з гэтым актывізаваўся ўціск з боку падатковых ворганаў, якія патрабавалі прадастаўленьня дэклярацыі аб даходах за 2006 год.
Гэта далёка ня поўны, але красамоўны сьпіс рэпрэсыўных захадаў, якія зазнаў Сяргей Салаш за апошнія гады. Сёньняшні званок з падаткавай нічым не вылучаецца з гэтага шэрагу.