Дзе працаваць і як пісаць, я буду вырашаць сам
Журналіст "Народнай волі" даведаўся на ўласным вопыце, што трэба зрабіць для таго, каб апынуцца ў міліцыі
Для гэтага дастаткова выйсці ў цэнтр Мінска і паназіраць, як маладзёжныя актывісты на чале са старшынёй Аб'яднанай грамадзянскай партыі раздаюць Пасланне грамадзяніну, бізнесу і дзяржаве, якое было прынята на чарговым з'ездзе АГП і якое было надрукавана ў адным з мінулых нумароў"Народнай волі". Што я і зрабіў...
Пасланне партыі…
Выконваючы рэдакцыйнае заданне, я разам з Анатолем Лябедзькам, Віталем Стажаравым, Мікалаем Сяргеенкам, Кірылам Паўлоўскім пайшоў на праспект Незалежнасці ў раён ГУМа. Тут дэмакраты мусілі распаўсюджваць Пасланне Аб'яднанай грамадзянскай партыі, надрукаванае ў "Народнай волі".
...Яшчэ каля станцыі метро "Купалаўская" мы заўважылі за сабой "хвост". Спусціўшыся ў падземны пераход, Анатоль Лябедзька жартам пацікавіўся ў спецназаўца: "Ну што, перадалі? Мы ж у краму ідзём…" Не ведаў Анатоль Уладзіміравіч, што літаральна праз пятнаццаць хвілін гэты ж самы малады чалавек будзе настойваць на тым, каб Лябедзька праехаў з ім...
Так супала, што Пасланне сябры АГП распаўсюджвалі ў той самы дзень і гадзіну, калі са штогадовым Пасланнем да Нацыянальнага сходу і беларускага народа звяртаўся Аляксандр Лукашэнка. Радавала тое, што 200 экземпляраў "Народнай волі" разышліся літаральна за некалькі хвілін. Людзі прасілі дадатковыя асобнікі. Пасля таго, як амаль усе газеты былі раздадзены, мы вырашылі перайсці на другі бок праспекта. Не заўважыць, што да нас "прыклеіўся" агент у цывільным, было немагчыма.
На другім баку праспекта, каля будынка Нацбанка, нас ужо чакалі двое спецназаўцаў. Хлопцы, якія толькі што раздавалі газеты, прадумвалі варыянты адыходу... Я ведаў, што нікуды збягаць не буду, бо нічога супрацьзаконнага не зрабіў: я выконваў свой прафесійны абавязак — фатаграфаваў тое, як актывісты Аб'яднанай грамадзянскай партыі знаёмяць людзей з Пасланнем, надрукаваным у "Народнай волі".
Такім чынам нас узялі ў "каробачку" — спераду набліжаліся двое спецназаўцаў, ззаду нас кантралявалі людзі ў цывільным.
Ці варта казаць, што спецназаўцы не назвалі сябе? На настойлівую просьбу назваць імя і прозвішча яны адказвалі: "Мы прадставіліся, калі падыходзілі". Праз колькі хвілін яны паглядзелі нашыя дакументы і вымавілі: "Вам трэба праехаць з намі". Што супрацьзаконнага зрабіў Лябедзька з калегамі, спецназаўцы не патлумачылі. У сваю чаргу расказваць, што я "не з імі", было бессэнсоўна — на журналісцкае пасведчанне ніхто ўвагі не звяртаў: "Садзіся, у аддзяленні разбяруцца…" Тут жа падагналі ўазік і "Газель". І мы паехалі...
«Калі б у мяне зарплата была пяць мільёнаў, то я пачаставаў бы цябе курыцай-грыль прама ў пастарунку»
Яшчэ ў машыне адзін са спецназаўцаў прасіў, каб мы перасталі размаўляць па мабільніках. Але нічога ў яго не атрымалася, і інфармацыю пра затрыманне я паспеў паведаміць калегам.
Адразу пасля прыезду нас завялі ў кабінет на першым паверсе. Тут, акрамя нас, знаходзіўся і "былы сержант міліцыі Уладзімір Іванавіч", якога забралі ў пастарунак за п'янку і які вельмі хацеў у туалет. Прычым сваю просьбу ён звычайна суправаджаў трохпавярховай нецэнзурнай лаянкай на адрас супрацоўнікаў міліцыі і спецназа...
Спецназаўцы, што прывезлі нас, засталіся побач — за ахоўнікаў. Праз некалькі хвілін у кабінет, дзе нас утрымлівалі, прыйшоў нейкі чалавек у цывільным. "Ну што ты нарабіў, чаму табе дома не сядзелася?" — запытаў ён. "Я знаходжуся пры выкананні службовых абавязкаў", — адказаў я. "Пры якім выкананні?.." На гэтым дыялог скончыўся. Даводзіць пра "Закон аб друку", аб правах журналіста на збор інфармацыі было бессэнсоўна.
Затым у пакой увайшоў яшчэ адзін чалавек у цывільным. Як потым мне сказаў Віталь Стажараў, які "меў гонар" пазнаёміцца з ім раней, гэта быў намеснік начальніка Цэнтральнага РУУС спадар Грышчанка. "Стань, нормально, корреспондент! Что ты улыбаешься?" — сапраўды, Грышчанка паводзіў сябе так, як быццам ён цар і бог. Было зразумела, што ад гэтага чалавека, культура якога не на высокім узроўні, залежыць, што будзе з намі далей — павесяць ці расстраляюць...
Тым часам у нас забралі дакументы і мабільныя тэлефоны, абшукалі з ног да галавы — нават шкарпэткі памацалі. Загадалі таксама пакласці на стол фотаапарат. Лябедзьку, які папрасіў службістаў прадставіцца, забралі ў асобны кабінет. Шчыра кажучы, падумаў, што яго будуць біць... Але, дзякуй Богу, абышлося.
Што будзе з намі, таксама было невядома. Асабіста я рыхтаваўся да "сутак", бо ў пратаколе, калі б ён быў складзены, можна было б напісаць, што я, напрыклад, лаяўся матам на... фотаапарат. Падобных прыкладаў процьма...
Пакуль недзе там, наверсе, вырашалася, што з намі рабіць, мы бавілі час у размове са спецназаўцамі. Яны падаліся абсалютна нармальнымі людзьмі, у якіх проста праца такая. Варта адзначыць, што ніводнага брыдкага слова ў наш адрас яны не сказалі. Не было і ўжывання фізічнай сілы. "О, "Народная воля" піша пра ўрок футбола, быццам бы Нявыглас яго ўводзіць", — ажывіўся адзін. Далей, размова па душах выйшла на новы ўзровень — як цяжка жыць спецназаўцу. "Вось вы пішаце, у сваёй друкаванай прадукцыі, што ў спецназаўца заробкі па пяць-восем мільёнаў, — казаў мне спецназавец. — Ды калі б так было, павер, я б цябе курыцай-грыль у пастарунку пачаставаў... Я зарабляю, як электрык на заводзе, — няшмат. Закон аб адмене льгот і нас закрануў. Зараз я павінен за свой кошт затрыманага ў пастарунак везці, калі, напрыклад, транспарту няма... Праязныя пакуль не далі..."
Потым мы абмеркавалі малаколькаснасць удзельнікаў "Чарнобыльскага Шляху", прыгаворы па "справе 14-ці", колькасць сябраў АГП. На тым і развіталіся, бо спецназаўцы спазняліся на абед: есці — справа святая, асабліва калі з 6.30 ранку нялёгкую службу нясеш... На развітанне адзін са спецназаўцаў прызнаўся: "Зараз цябе, карэспандэнт, выпусцяць... Пойдзеш ізноў усё фатаграфаваць? Лепш бы ты ў часопісе "Максім" працаваў, ці ў "Мурзілцы", альбо ў газеце "На страже"...
«Делай выводы, корреспондент»
Прыкладна праз тры гадзіны нас сталі "выдёргивать" з кабінета па аднаму. Першага забралі Віталя Стажарава. Вярнуўшыся, хлопец паведаміў, што яго вадзілі "здымацца на камеру". "Ну ўсё, пачалася доўгая дарога на суткі, — падсумаваў Мікалай Сяргеенка. — Мяне перад "Сацыяльным маршам" за распаўсюджванне інфармацыі на 10 сутак "закрылі". Аднак, крыху пазней стала зразумела, што нас выпускаюць па аднаму. На развітанне намеснік начальніка Цэнтральнага РУУС — той самы агрэсіўны Грышчанка —сказаў мне: "Делай выводы, корреспондент". Больш за тое, мне параілі змяніць месца працы.
Не дачакаецеся, таварыш Грышчанка! Дзе працаваць і як пісаць, я буду вырашаць сам!
Хаця я, можна сказаць, выслізнуў з рук міліцыі лёгка, бо Анатолю Лябедзьку ў пастарунку ўвогуле параілі знікнуць. "Як мне падалося, Грышчанка хацеў справакаваць мяне на бойку. Аднак, калі нічога не атрымалася, ён мне сказаў: "Вам лепш знікнуць". Як гэта расцэньваць — як пагрозу ці пажаданне, — я не ведаю, аднак ведаю дакладна — я сваёй дзейнасці не спыню", — сказаў Лябедзька пасля выхаду з пастарунка.