Алесь Бяляцкі: "Правы чалавека не зьяўляюцца для беларускіх уладаў самадастатковай рэальнай каштоўнасьцю"
29 красавіка ў сядзібе Партыі БНФ адбылася прэзэнтацыя штогадовага Аналітычнага агляду “Парушэньні правоў чалавека ў Беларусі ў 2007 годзе”. Паводле аўтараў зборніку, сытуацыя з выкананьнем правоў чалавека ў нашай краіне пагаршалася ў мінулым годзе і пагаршаецца ў бягучым.
Падрыхтаваны Правабарончым цэнтрам “Вясна”, агляд, які займае больш за трыста старонак, быў гатовы яшчэ на самым пачатку 2008-га году, але затрымка зь яго прадстаўленьнем шырокай грамадзкасьці, паводле аўтараў, зьвязаная зь немагчымасьцю надрукаваць яго ў Беларусі.
Як адзначаецца ў аглядзе, у 2007 годзе працягваўся ўціск на грамадзкіх актывістаў, асабліва за ўдзел у вулічных акцыях дэмакратычных сілаў, за што, толькі па пададзеных “Вясной” фактах, да адміністратыўнай адказнасьці былі прыцягнутыя больш за шасцьсот чалавек (гэта адлюстравана ў адмысловай табліцы ў канцы кніжкі). Мелі месца некалькі выпадкаў ужываньня карнай псыхіятрыі, пад пільнай увагай уладаў заставаліся разнастайныя сходы грамадзкіх актывістаў, нават калі яны ня мелі публічны характар, але іх удзельнікі ўсё роўна прыцягваліся да адміністратыўнай адказнасьці.
Апроч іншага, працягвалася практыка прыцягненьня грамадзкіх актывістаў да крымінальнае адказнасьці паводле артыкула 193 Крымінальнага кодэксу РБ за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Як паведамілі на прэзэнтацыі аўтары агляду, цяпер за адмену гэтага артыкула ў беларускім крымінальным заканадаўстве актыўна змагаюцца швэцкія праваабаронцы.
Шматлікія факты гэтых ды іншых парушэньняў правоў грамадзянаў на канкрэтных прыкладах таксама прыведзеныя ў зборніку.
Паводле словаў кіраўніка Правабарончага цэнтру “Вясна” Алеся Бяляцкага, падрыхтаваўшы агляд, “мы прыходзім да высновы, што правы чалавека не зьяўляюцца для беларускіх уладаў самадастатковай рэальнай каштоўнасьцю, а выкарыстоўваюцца адпаведна палітычнай мэтазгоднасьці, накіраванай найперш на ўтрыманьне палітычнае ўлады”.
Як адзначыў адзін з аўтараў агляду юрыст Валянцін Стэфановіч, “Беларусь дэманструе грэблівае ігнараваньне інстытуцыяў па абароне правоў чалавека Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў. З аднаго боку, улада ўвесь час кажа, што Беларусь зьяўляецца заснавальніцай ААН, яны ў свой час хацелі ўвайсьці ў Раду па правах чалавека ААН, тым не менш, сам урад не прадастаўляе справаздачу аб выкананьні Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах і не выконвае рашэньні Камітэту па індывідуальных зваротах”.
Прыкладам гэтаму – незьвяртаньне ўвагі на рашэньне камітэту пра незаконнасьць ліквідацыі ўсё таго ж Праваабарончага цэнтру “Вясна”, якому ўжо некалькі разоў было адмоўлена ў новай рэгістрацыі, і кіраўніцтва якога, аднак, зноў будзе рабіць спробы афіцыйна зарэгістравацца ў беларускім Міністэрстве юстыцыі.
Як адзначыў віцэ-прэзыдэнт Міжнроднае фэдэрацыі правоў чалавека Алесь Бяляцкі, і сёлета сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі ня толькі не палепшылася, але наадварот. “На сто адсоткаў павялічылася колькасьць адміністратыўных справаў за першыя чатыры месяцы, - адзначыў праваабаронца. - Ужо дзесяць студэнтаў былі выкінутыя з унівэрсытэтаў з пачатку гэтага году за сваю грамадзкую дзейнасьць. Перад пагрозаю закрыцьця стаяць некалькі сотняў няўрадавых арганізацыяў, якія пастаўленыя ў такія ўмовы, што будуць выкінутыя са сваіх памяшканьняў, а гэта ёсьць прадставай для ліквідацыі гэтых арганізацыяў. А наперадзе яшчэ парлямэнцкая кампанія з усімі яе “прыемнасьцямі”, з усімі яе нэйтралізацыямі й зачысткамі”.
Такім чынам, высноўвае Алесь Бяляцкі, “вобразна кажучы, беларускія ўлады працягваюць выполваньне нашага беларускага грамадзкага гароду, прычым выполваюць усё запар, пакідаючы за сабою чыстую зямлю, на якой проста нічога не расьце”.
Адным з тых, пра каго ідзе гаворка ў аглядзе, зьяўляецца адзін зь лідэраў “Моладзі БНФ” Франак Вячорка, выключаны сёлета з журфака БДУ і шматкроць асуджаны да адміністратыўных арыштаў за актыўную грамадзкую дзейнасьць. “Я б ня вельмі хацеў называцца словамі “ахвяра парушэньня правоў чалавека”, - падкрэсьліў моладзевы актывіст. - Хутчэй за ўсё, беларуская моладзь, мы – абаронцы правоў чалавека, гэта тыя, хто, ахвяруючы сваім часам, месцамі сваёй працы альбо вучобы, вельмі часта бясьпекаю і, самае страшнае, свабодаю, спрабуем зрабіць усё, каб правы чалавека ў гэтай краіне жылі і каб правы чалавека ў гэтай краіне цанілі”.
Паводле Алеся Бяляцкага, парушэньні правоў чалавека, а ўсе яны фіксуюцца ў такіх аглядах і маніторынгах, ёсьць злачынствамі, якія ня маюць тэрміну даўніны: “Усе павінныя ведаць – і судзьдзі, і ілжэсьведкі-супрацоўнікі міліцыі, і амапаўцы, і рэктары-прарэктары, якія вынагяюць грамадзка-актыўных студэнтаў, і ідэолягі, і арганізатары фальшывых выбараў, што ніхто ціхенька не адседзіцца й не адгаворыцца тым, што быў такі час, - запэўнівае праваабаронца. - Подласьць у любы час застаецца подласьцю, і я перакананы, што яна будзе асуджаная і маральна, і ў законным парадку”.