«Хартыя-97» прапануе байкот выбараў
Каардынатар «Хартыі-97» Зьміцер Бандарэнка выступіў з ідэяй новай стратэгіі дзеяньня дэмакратычных сілаў на бліжэйшы час.
Бандарэнка летась быў адным з ініцыятараў ідэі дыялёгу між уладамі і апазыцыяй. Ён тлумачыць гэта тым, што ў пачатку 2007 году краіна апынулася ў цяжкім эканамічным становішчы, а разам з гэтым узьнікла пагроза для незалежнасьці. У такіх умовах «апазыцыя цалкам сьвядома працягнула руку дапамогі беларускім уладам».
Як кажа Бандарэнка, тая прапанова паспрыяла рэалізацыі «шэрагу інвэстыцыйных праектаў, значна ўзмацніла пазыцыі краіны на перамовах з Расейскай Фэдэрацыяй, дазволіла адкрыць новыя крэдытныя лініі ў Эўропе». Але цяпер на думку праваабаронцы, «надышоў час апазыцыі адмовіцца ад дыялёгу».
Бандарэнка кажа, што апазыцыя падчас усіх міжнародных візытаў вяла размовы пра магчымасьці таго, каб краіны Эўрасаюзу і ЗША зрабілі крокі насустрач афіцыйнаму Менску ў выпадку вызваленьня ўсіх палітвязьняў.
«Нядаўна ў Вашынгтоне мы абмяркоўвалі з прадстаўнікамі Дзярждэпартамэнту магчымасьць візыту міністра замежных справаў Беларусі і прадстаўніка Адміністрацыі Лукашэнкі ў ЗША. Амэрыка сапраўды была гатова да рэальнага прарыву ў адносінах з нашай краінай», — кажа каардынатар «Хартыі-97».
«Калі б беларускія ўлады вызвалілі Аляксандра Казуліна да канца лютага, як і абяцалі амэрыканскім і эўрапейскім палітыкам, то з 1 сакавіка мы б жылі ў новай Беларусі. Пакуль жа ўлады паставілі на дыялёгу і дэмакратызацыі крыж», — працягвае праваабаронца.
Зьміцер Бандарэнка прапаноўвае новую стратэгію дзеяньня апазыцыі на бліжэйшы час. «Новая стратэгія сёньня — гэтае цьвёрдае супрацьстаяньне дыктатуры ва ўсіх кірунках», — кажа ён.
Бандарэнка абсалютна ня верыць, што сёлетнія парлямэнцкія выбары будуць дэмакратычнымі. «Таму на павестку дня ўстаюць лёзунгі "Байкот выбарчаму фарсу!", "Байкот рэжыму Лукашэнкі!", "Байкот дыктатуры!"», — лічыць каардынатар «Хартыі-97».
Бандарэнка кажа, што ў гісторыі былі выпадкі, калі пасьпяховыя байкоты прымушалі ўлады ісьці на саступкі апазыцыі на наступных выбарах.
«Значна горш — байкот непадрыхтаваны. Неэфэктыўна рабіць заявы пра байкот выбараў за некалькі дзён да галасаваньня. Такія кампаніі, насамрэч, прыводзяць да дэпрэсіі ў грамадзтве. Байкот выбараў у 2000 годзе ў значнай ступені скансалідаваў дэмакратычныя рухі моладзі. Баявы дух апазыцыі пасьля кампаніі байкоту быў вельмі высокі. Байкот-2008 таксама стане перашкодай намерам у чарговы раз сумясьціць выбары з рэфэрэндумам. Напрыклад, аб Канстытуцыйным акце аб’яднаньня з Расеяй» — працягвае З.Бандарэнка.
«З сярэдзіны чэрвеня і можна будзе пачынаць кампанію байкоту сіламі грамадзянскай супольнасьці. Партыі на першым этапе паспрабуюць скарыстаць магчымасьць выбарчай кампаніі для прасоўваньня сваіх ідэяў, але, сутыкнуўшыся з чарговым бязладзьдзем, далучацца да байкоту. Магчыма, не ўсё адразу падтрымаюць байкот, але, у рэшце рэшт, да яго далучыцца абсалютная большасьць дэмакратычных структур. Байкот зьяўляецца адказам на рэпрэсіі. Да таго ж, рэакцыяй на ціск уладаў мусіць стаць значнае ўзмацненьне кампаніі салідарнасьці як у краіне, так і за межамі. Форму байкоту дыктатуры кожны можа вызначаць сам. Гэта дапаможа рэальнаму аб’яднаньню ўсіх нармальных людзей, як ва ўладзе, так і ў апазыцыі», — падсумоўвае Зьміцер Бандарэнка.