Яшчэ адзін апазыцыянэр быў затрыманы ля пасольства ЗША
Дзякуючы вечароваму выпуску «Панарамы» на БТ стала вядома, што 28 траўня ў Менску ля амэрыканскага пасольства затрымалі двух актывістаў апазыцыі з грашыма.
Як паведамлялася ўжо раней, першым затрыманым быў старшыня берасьцейскай абласной філіі Партыі БНФ Зьміцер Шыманскі. Другім затрыманым аказаўся актывіст з Турава Міхаіл Козел.
«Мяне затрымалі літаральна празь некалькі хвілін пасьля выхаду з пасольства. На вуліцы Камуністычнай дарогу мне перагарадзіла «Волга», ззаду таксама спынілася машына. Выскачылі людзі, якія літаральна запіхалі мяне ў аўтамабіль, пры гэтым усім вяліся відэаздымкі», – кажа Міхаіл Козел.
Пасьля гэтага актывіста адвезьлі ў Дэпартамэнт фінансавых дасьледаваньняў. Там правялі чатырохгадзінны допыт.
«На допыце прысутнічалі восем чалавек. Думаю, што ня толькі з таго дэпартамэнту, але і з КДБ. Таксама здымалі ўсё на відэа. Канфіскавалі грошы, а таксама квіткі да Турава і Кіева, нейкія яшчэ цыдулкі. Адразу сказалі, што я іх не цікаўлю, а цікавяць іх менавіта амэрыканцы. Папярэджвалі, што калі ня буду даваць паказаньні, то пасадзяць на суткі за лаянку ці нешта падобнае», – працягвае М. Козел.
Паводле словаў актывіста, грошы сканфіскавалі, сказаўшы, што павінны правесьці экспэртызу. «Мне паведамілі, што яны могуць быць фальшывымі», – гаворыць актывіст.
У яго, як і ў Шыманскага, сканфіскавалі 1700 даляраў.