“Гэтыя людзі прагнуць вясны ў Беларусі”
29 траўня ў сядзібе Партыі БНФ у Менску адбылася прэзэнтацыя кнігі “Прага вясны. Крымінальныя прысуды, вынесеныя ў 2007 годзе па палітычных матывах”.
Якраз год таму, 29 траўня, былі вынесеныя прысуды ў крымінальнай справе супраць пяцярых сяброў “Маладога фронту”, якіх абвінавацілі ў дзейнасьці ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Да гэтай даты й была прымеркаваная прэзэнтацыя кнігі, сярод герояў якой таксама й маладафронтаўцы.
Зьміцер Хведарук падсумоўвае вынікі году: "Я адчуў, што страх для маладога чалавека, калі ён любіць сваю краіну, проста непрымальны. Бо год таму шмат хто думаў, што могуць пасадзіць маладафронтаўцаў пасьля пасадкі Дашкевіча. Але мы не збаяліся. Не адмовіліся ад свайго імя, што самае галоўнае. Не адмовіліся ад тых перакананьняў, каторыя стаяць за тым, што мы робім. Не адмовіліся ад веры. І ў гэтым годзе хочацца перайсьці ў контратаку. У тым годзе атакавалі “Малады фронт”. А ў гэтым годзе чарга ўжо за намі”.
Падчас прэзэнтацыі праваабаронцы павіншавалі з днём народзінаў маладафронтаўца Аляксея Янушэўскага, якому сёньня споўніўся 21 год. Аляксей – адзін з герояў кнігі. Ён быў аштрафаваны за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі:
“Працягваю дзейнасьць, зьяўляюся сябрам “Маладога фронту”. Гэтая крымінальная справа не зламала. Працягваю займацца тым, чым займаўся год таму. Вучуся ў Віленскім пэдагагічным унівэрсытэце на факультэце славістыкі”.
Сярод герояў кнігі – навуковец Канстанцін Лукашоў, які стаў летась першым асуджаным з палітычных матываў. Ён быў затрыманы на працоўным месцы і правёў за кратамі больш за тры месяцы. Канстанцін асуджаны на два гады пазбаўленьня волі ўмоўна з адтэрміноўкай на два гады. Ён невыязны і ня мае магчымасьці ўзяць удзел у геалягічным кангрэсе ў Нарвэгіі:
“У мяне там быў вялікі даклад, прысьвечаны геамэдыцыне і ўнёску беларускіх навукоўцаў у разьвіцьцё гэтай маладой навукі. Ізноў гэта адбіваецца толькі на іміджы дзяржавы. Раней, калі мы прадстаўлялі сваю краіну сваімі працамі, нягледзячы на тое, які ў нас рэжым, усё ж на нас глядзелі па нашых дасягненьнях. Але зараз будуць глядзець толькі на рэжым”.
Яшчэ адзін з герояў кнігі – былы палітвязень Андрэй Клімаў, асуджаны за публіцыстычны артыкул, зьмешчаны ў інтэрнэце. Ён прыйшоў на прэзэнтацыю разам з маці і жонкай. Андрэй апавёў, што падрыхтаваў да выданьня новую кнігу “Трыюмф авантурыста”, дзе, між іншым, апавядае падрабязнасьці закрытага судовага працэсу над сабой. Ён сказаў:
“Я лічу, гэта ганьба для нашай краіны, што ў XXI стагодзьдзі ў нас садзяць іншадумцаў. Тое ўзрушэньне, зьвязанае з арыштам, прымусіла мяне прысьвяціць шмат часу сям’і. Я на хатнім арышце добраахвотным. І я думаю, што большай радасьці для маіх дзяцей, маіх родных няма. Я ўдзячны лёсу за ўсё, што са мной было. Бо я жывы і зноў з вамі”.
Праваабаронца Алесь Бяляцкі мяркуе, што працяг у гэтай кнігі будзе, бо за гэты год ужо 16 чалавек асуджаныя з палітычных матываў. Пра назву кнігі ён сказаў:
“Прага вясны” – гэта адначасова можна казаць і пра вясновую Прагу, пра згадкі таго, што адбылося ў Празе на пачатку 90-х гадоў, і тое, што гэтыя людзі прагнуць вясны ў Беларусі.