«Рэпарцёры без межаў» асуджаюць адмову ў акрэдытацыі карэспандэнту Радыё «Рацыя»
Міжнародная арганізацыя «Рэпарцёры без межаў» выступіла з асуджэннем рашэння Міністэрства замежных справаў Беларусі, якое 28 траўня адмовіла ў акрэдытацыі карэспандэнту Радыё «Рацыя» Аляксею Мінчонку. Адпаведная заява з’явілася 30 траўня на сайце «Рэпарцёраў».
«Беларускія ўлады працягваюць пераслед Радыё „Рацыя“, аднаго з нешматлікіх незалежных СМІ ў Беларусі, — гаворыцца ў заяве. — Мы заклікаем да спынення гэтага адміністратыўнага пераследу, які матываваны выключна палітычнымі меркаваннямі».
Нагадаем, што карэспандэнт Радыё «Рацыя» — радыёстанцыі, якая вяшчае на тэрыторыю Беларусі з суседняй Польшчы — Аляксей Мінчонак звярнуўся па акрэдытацыю ў беларускі МЗС, але атрымаў адмову.
«Гэтае рашэнне з'яўляецца абсурдным. З аднаго боку, Міністэрства замежных спраў пераследуе нас за працу без акрэдытацыі, а з іншага боку — само працягвае адмаўляць нам у акрэдытацыі», — заявіў сп. Мінчонак у размове з прадстаўнікамі «Рэпарцёраў без межаў».
Нагадаем таксама, што офіс, у якім працавалі карэспандэнты Радыё «Рацыя» ў Мінску, стаў адным з памяшканняў, у якім супрацоўнікі КДБ правялі ператрус з выманнем тэхнікі сёлета 27 сакавіка.