viasna on patreon

Дэмакраты здымуць сваіх кандыдатаў, калі ў камісіі не патрапяць іх людзі

2008 2008-06-26T15:27:29+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Дэмакратычныя партыі Беларусі пакідаюць за сабой права зняцця сваіх кандыдатаў, у выпадку адмовы ўладаў уключыць прадстаўнікоў апазіцыі ў склад акружных і ўчастковых выбарчых камісій па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў. Пра гэта 25 чэрвеня на прэс-канферэнцыі ў Мінску заявілі партыйныя лідэры.
Лідэр Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька назваў выбарчую кампанію без уключэння апазіцыі ў склад выбаркамаў "лахатронам". Ён нагадаў, што на мінулых прэзідэнцкіх выбарах з 120 тысяч чалавек, што ўваходзілі ў склад акружных і ўчастковых выбарчых камісій, толькі 1 чалавек прадстаўляў апазіцыйную партыю.

"Калі гэта будзе паўтарэнне прэзідэнцкай кампаніі ці блізкае да таго, то, вядома, у нас ёсць і палітычнае, і маральнае права зняць сваіх кандыдыатаў", - адзначыў палітык.

Намеснік старшыні Партыі БНФ Віктар Івашкевіч звярнуў увагу на тое, што ўлада зацікаўленая ў тым, каб кандыдаты ад апазіцыі ўдзельнічалі ў выбарах, аднак хацела б абмежаваць рознымі пастановамі ЦВК формы і маштабы агітацыі.

У выніку, на яго думку, улада можа стварыць так званую "канструктыўную апазіцыю" з некалькіх чалавек, неабавязкова сяброў апазіцыі, якіх пашле пераконваць Еўропу ў дэмакратычнасці выбараў і неабходнасці наладжваць адносіны з афіцыйным Мінскам.

У сваю чаргу Анатоль Лябедзька заявіў, што "абсалютна непрымальна, што некаторыя прадстаўнікі міжнародных арганізацый і палітычных эліт розных краін вядуць закулісныя размовы пра тое, што прысутнасць 3-4 прадстаўнікоў з адзінага спісу кандыдатаў ад апазіцыі можна абменьваць на частковае ці поўнае прызнанне выбарчай кампаніі".

Як паведамляе "Хартыя-97", лідэр АГП сказаў, што апазіцыі патрэбныя свабодныя і адкрытыя выбары, а не "квоты ад Лукашэнкі".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства