Мазыранін, якога прызываюць у частку Паўлічэнкі, адмовіўся ўзяць позву
17-гадовы мазыранін Фёдар Чаранкоў сёння адмовіўся ўзяць позву на прахаджэнне вайсковай службы. Пра гэта ён распавёў у інтэрв’ю Еўрарадыё. Ф. Чаранкоў: "Я адмовіўся ўзяць позву ў войска наогул, бо маю права на адтэрміноўку, а мне яе не хочуць даваць".
Зараз Фёдар чакае размовы з ваенным камісарам горада.
Нагадаем, пасля ўдзелу першакурсніка інжынерна-педагагічнага факультэта Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта Фёдара Чаранкова ў акцыі пратэсту супраць адмены ільготаў, з ліку найлепшых студэнтаў ён апынуўся сярод горшых. За акадэмічную непаспяховасць быў адлічаны з ВНУ і патрапіў пад веснавы прызыў у войска.
Бацька Фёдара Юрый Чаранкоў распавёў Еўрарадыё, што ўчастковы міліцыянт тэлефанаваў да яго і паведаміў, што сын патрапіць на службу ў частку 3214, якой кіруе Дзмітрый Паўлічэнка і якая славутая разгонамі дэманстрацыяў апазіцыі. Юрый Чаранкоў адзначыў, што сына мусяць забраць у войска ў нядзелю, 20 ліпеня, праз 2 дні пасля яго 18-годдзя, па спецнаборы, бо па нядзелях ваенкаматы не працуюць.