viasna on patreon

ЦВК не прыняла да разгляду скаргу на адмову ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы Тацяны Рысевец

2008 2008-07-31T20:22:50+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Паседжаньне акруговай камісіі па рэгістрацыі ініцыятыўнай групы за вылучэньне кандыдатам у дэпутаты актывісткі руху супраць будаўніцтва хімічнага заводу ў паселку Дружны Тацяну Рысевец адбылося ў апошні дзень, прадугледжаны выбарчым заканадаўствам, - у нядзелю, 27 ліпеня, бо напярэдадні, у суботу, рашэньне камісія вынесьці не змагла. Большасьцю галасоў акружная камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы Тацяны Рысевец. Сябры ініцыятыўнай групы, якую ўзначаліў Сяргей Абразоўскі, неаднаразова прыцягнуты да адміністратыўнага пакараньня за мітынгі пратэсту супраць будаўніцтва хімзаводу, зьвярнуліся са скаргай у Цэнтральную выбарчую камісію, аднак яна не была прынятая да разгляду.  

Скарга была напісаная ў сувязі з парушэньнямі, а дакладней ціскам на сябраў ініцыятыўнай групы актывісткі. На трох чалавек з 26, якія ўвайшлі ў склад ініцыятыўнай групы, быў аказаны ціск па месцы працы, таму пад пагрозай звальненьня яны былі вымушаныя адклікаць свае подпісы ў пісьмовай форме. Доказам ціску зьяўляўся запіс тэлефоннай размовы Тацяны Рысевец з гэтымі людзьмі, якія вельмі выбачаліся за такі ўчынак і прасілі зразумець іх.

На падставе адозваў Пухавіцкая акруговая выбарчая камісія № 73 адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы актывістцы руху супраць будаўніцтва хімічнага заводу, рашэньне было надрукаванае 28 ліпеня. На наступны дзень Сяргей Абразоўскі звярнуўся са скаргай у ЦВК, аднак фізычна не здолеў да гэтага часу сабраць, згодна выбарчаму кодэксу, неабходную колькасьць подпісаў пад дакументам, таму спіс  з подпісамі быў дастаўлены у ЦВК толькі 30 ліпеня. У камісіі ж патлумачылі, што яны спазьніліся з тэрмінамі. 

- Якімі будуць вашыя далейшыя дзеяньні? - запыталіся мы ў Сяргея Абразоўскага, на што ён толькі паціснуў плячыма:

- А якія тут могуць быць дзеяньні... Гэты факт - яскравае сьведчаньне "дэмакратычнасьці" нашых выбараў, тут можна гаварыць толькі з пункту гледжаньня маралі: падобныя дзеяньня стаяць не толькі па-за законам, але і па-за маральлю.

"Правабаронцы за свабодныя выбары" 

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства