Разгляд позвы Аляксандра Меха адбудзецца 4 жніўня
31 ліпеня Аляксандар Мех, які вылучаецца кандыдатам на дэпутата па Кобрынскай выбарчай акрузе № 12, атрымаў паведамленьне зь мясцовага суду, што яго пазоў да Кобрынскага ўпраўленьня магістральных газаправодаў будзе разглядацца ў панядзелак, 4 жніўня.
Са словаў спадара Меха, кантракт зь ім ня быў працягнуты з дыскрымінацыйных матываў, якія наўпрост не зьвязаныя зь дзелавымі якасьцямі спэцыяліста. Суразмоўца тлумачыць, што 4 чэрвеня яго выклікаў у кабінэт дырэктар Кобрынскага УМГ Уладзімер Галашко. У кабінэце прысутнічаў начальнік Кобрынскага раённага аддзелу КДБ Андрэй Басько. Абодва, як падкрэсьлівае Аляксандар Мех, прапаноўвалі “адмовіцца ад удзелу ў выбарах”, гарантуючы ўзамен захаваньне за ім працоўнага месца.
Аляксандар адмовіўся, спасылаючыся на сваё канстытуцыйнае права паводле артыкула 38: “Грамадзяне Рэспублікі Беларусь маюць права свабодна выбіраць і быць абранымі ў дзяржаўныя органы на аснове агульнага, роўнага, прамога ці ўскоснага выбарчага права пры тайным галасаваньні”.
У судзе Аляксандар Мех будзе патрабаваць аднаўленьня на працы, кампэнсацыі сярэдняга заробку за час вымушанага прагулу, а таксама кампэнсацыі маральнай шкоды ў суме 500 тысяч рублёў.