viasna on patreon

Якой будзе сёлетняя выбарчая кампанія?

2008 2008-07-31T18:02:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Гэтай восеньню ў Беларусі адбудуцца парлямэнцкія выбары. Пакуль выбарчая кампанія на самым пачатку й нічога цікавага не адбываецца. Аднак ужо цяпер экспэрты заўважаюць зьмену падыходу да парлямэнцкіх выбараў, перад усім з боку ўладаў.

З 1994-га году, калі Беларусь стала прэзыдэнцкай рэспублікай, парлямэнцкія выбары адыйшлі на другі плян па важнасьці й накалу эмоцыяў у параўнаньні з выбарамі прэзыдэнта. Як вядома, асноўная ўлада ў Беларусі сканцэнтраваная ў руках прэзыдэнта. Да таго ж, улады й апазыцыя па чарзе заклікалі грамадзтва байкатаваць парлямэнцкія выбары. Першым да байкоту выбараў яшчэ ў Вярхоўны Савет заклікаў Лукашэнка ў 1995-м годзе. Потым, у 2000 годзе, прыйшла чарга апазыцыі, прадстаўнікі якой заклікалі да байкоту выбараў у Палату прадстаўнікоў. У 2004 годзе парлямэнцкія выбары праходзілі ў цяні рэфэрэндуму аб неабмежаваных паўнамоцтвах для А. Лукашэнкі. Інакш выглядае сёлетняя кампанія. З аналізу прэсы й выказваньняў дзяржаўных чыноўнікаў вынікае, што сёлетнія выбары маюць важнае значэньне для ўладаў. Распавядае Алесь Анціпенка, беларускі філёзаф і мэдыязнаўца.

Алесь Анціпенка: У беларускіх СМІ, як дзяржаўных, так і недзяржаўных, калі параўноўваць з выбарчай кампаніяй 2004 году, ёсьць найбольш рознай інфармацыі пра выбары. Прадстаўнікі ЦВК таксама кажуць пра іншы тон кампаніі. У прыватнасьці, пра гэта казала Ярмошына. Увогуле складваецца ўражаньне, што беларускія ўлады надаюць значна большую вагу сёлетнім выбарам. Напрыклад, Лазавік наўпрост лічыць гэты выбарчы працэс адной з падставаў для больш шырокага дыялёгу з Эўразьвязам. Безумоўна, улады зацікаўлены ў тым, каб гэтыя выбары не выклікалі такую ж крытычную рэакцыю, як тое было падчас мінулых парлямэнцкіх ці прэзыдэнцкіх выбараў.

У гэтым таксама перакананы палітоляг Аляксандар Лагвінец. На ягоную думку, пра гэта сьведчыць спроба залагодзіць вобраз Лідзіі Ярмошынай, якой Эўразьвяз забраніў уезд на сваю тэрыторрыі, лічачы яе адказнай за недэмакратычны характар выбараў у Беларусі.

Аляксандар Лагвінец: Улады кажуць пра адкрытасьць і роўныя шанцы, хоць рэальнага гэтага пакуль няма. Гэта паказвае, што ўлады рэагуюць на крытыку выбарчага працэсу ў Беларусі. Апрача гэтага, улады пайшлі на раскрутку "чалавечага" твару старшыні ЦВК Ярмошынай, яна стала "зоркай" усім магчымых, у тым ліку й незалежных, СМІ. Гэта характарызуе жаданьне ўладаў дамагчыся прынамсі фасаднага прызнаньня нармалёвасьці правядзеньня выбараў у Беларусі. Нават у самой кампаніі бачна, як улады спрабуюць стварыць уражаньне дэмакратычнасьці, высоўваючы сваіх тэхнічных кандыдатаў. Яны пачалі актыўна зьбіраць подпісы, то бок, выкарыстоўваюць інструмэнты дэмакратычных актывістаў, і робяць націск на чыста чалавечы аспэкт сваёй дзейнасьці. Пры гэтым ня кажуць пра высокія пасады ці ўплывовыя пазыцыі, якія яны займаюць у канфігурацыях улады.

Пры гэтым пакуль не заўважаецца вялікага інтарэсу да выбраў з боку беларускага насельніцтва. Праўда паводле дадзеных чэрвеньскіх сацыялягічных апытаньняў, большасьць люзей выказвала намер пайсьці на выбары, але даволі высокі адсотак людзей яшчэ не прыняў рашэньня. Распавядае сацыёляг Аляксандар Сасноў.

Аляксандар Сасноў: Насельніцтву задаваліся тэхнічныя пытаньні: ці пойдзеце галасаваць, за каго будзеце галасаваць? Значная колькасьць людзей - 53% - заявіла, што пойдуць галасаваць.

За каго будуць галасаваць?

Аляксандар Сасноў: Амаль 40% сказалі, што будуць галасаваць за прыхільніка Лукашэнкі, амаль 18% - за праціўнікаў Лукашэнкі. Яшчэ 31% за іншага кандыдата.

Які адсотак тых, хто ня пойдзе галасаваць?

Аляксандар Сасноў: Прыкладна 18% казалі, што ня пойдуць на выбары. 27% адказалі, што яшчэ ня вырашылі, пойдуць ці не. Звычайна гэтыя апошнія потым ідуць на выбары.

А вось на думку палітоляга Аляксандра Лагвінца, падчас гэтай выбарчай кампаніі ён ўпершыню сустракан выбарцаў, якія кажуць пра тое, што ня пойдуцб галасчаваць, бо ня бачаць сэнсу ў выбарах у Беларусі.

Аляксандар Лагвінец: У грамадзтве назіраецца рознае стаўленьне. Ёсьць людзі, якія зусім не цікавяцца надыходзячымі выбарамі. Ёсьць больш дасьведчаныя палітычна выбарцы. Яшчэ сустракаецца даволі шмат людзей, якія ставяцца адмоўна да самой ідэі ўдзелу ў выбарах у сёньняшняй вельмі недэмакратычнай беларускай палітычнай сыстэме.

Галоўнай прычынай нізкага інтарэсу да выбараў з боку насельніцтва збяўялецца адсутнасьць рэальнай канкурэнцыі - перакананы палітоляг Віктар Чарноў.

Віктар Чарноў: Хутчэй за ўсё сама кампанія будзе вельмі млявай, без яркіх сюжэтаў, без яркай актыўнасьці. Зноў, у чарговы раз, заяўляецца, што ўлады нібыта пойдуць на саступкі апазыцыі, зьявяцца прадстаўнікі партыяў у выбарчых камісіях. Але ня варта чакаць нічога пазытыўнага. Адзіная саступка палітычным партыяў была зроблена ўжо пад час выбараў 2000-га году, калі ўказам Лукашэнкі было дазволена партыям мець па адным прадстаўніку з правам дарадчага голасу ў ЦВК. Гэта адзінае, што было зроблена ўладай, каб стварыць нейкую імітацыю больш-менш канкурэнцыйных выбараў. Аднак гэтая ініцыятыва на самой справе нічога ня вартая.

Пакуль яшчэ зарана, каб сказаць, якімі будуць сёлетнія выбары: млявымі, ці зьявіцца сапраўдная інтрыга. Тым больш, што да канца лета ў Беларусі доўжыцца сэзон вакацыяў і жніва. Можа быць цікавы паварот прыўнясе агітацыя.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства