viasna on patreon

Актывісты Праваабарончага цэнтру “Вясна” наведвалі асуджаных журналістаў газеты “Пагоня” – Міколу Маркевіча і Паўла Мажэйку

2002 2002-12-24T10:00:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Асіповічы, Сомчанкі,38

Жылі сабе ў г.Асіповічы на вуліцы Сомчанкі д.38 асуджаныя на так называемую ў народзе “хімію” грамадзяне ціха і спакойна, пакуль не з’явіўся тут на паўтара гады адбываць пакараньне рэдактар газеты “Пагоня” Мікола Маркевіч.
Закончыўся спакой і ў мясцовай міліцыі. Бо да вядомага ў краіне “арыштанта” шмат наведвальнікаў прыязджае: сябры, журналісты, прадстаўнікі дыпламатычных місіяў, а тут яшчэ і дэлегацыя дэпутатаў Палаты Прадстаўнікоў захацела праведаць сасланага рэдактара. Акрамя таго, правяраючыя са свайго ведамства не забываюць. З-за такой увагі, яны, верагодна, адчуваюць немалы дыскамфорт.
Прыходзяць да Міколы мясцовыя жыхары, рэгулярна чалавек пятнаццаць наведваюцца. Шкада толькі, што няма такога месца, дзе можна было б сустрэцца разам. Практычна, кожны з гэтых людзей у сваім жыцці пацярпеў ад ўлады, адчуў на сабе дзейнасьць рэпрэсійнай машыны.
Кожную нядзелю прыязджае Уладзімір Прышчэпа з вёскі Вяззе. Яму ўжо больш за 70 год. Лёс гэтага чалавека быў паламаны на пачатку 70-х гадоў з-за аднаго пытання, якое ён задаў падчас палітінфармацыі ў філармоніі, дзе граў на віаланчэлі. Гэтую палітінфармацыю праводзіў другі сакратар ЦК ЛКСМБ Жабіцкі, які заявіў , што на нейкім там партыйным зьезьдзе большасьць падтрымлівае палітыку партыі і ўраду. Уладзімір паслаў запіску з пытаньнем “Большасьць падтрымлівае, а меншасьць, значыць, што, не падтрымлівае?”. І подпіс – Прышчэпа. Сакратар чытае ўголас, чырванее – зала ўзрываецца рогатам. Праз нейкі час Жабіцкі становіцца міністрам ўнутраных спраў БССР, у выніку – Прышчэпа нідзе не знаходзіць працу. Ён едзе ў Вяззе і пасе там кароў. Толькі такую працу магла даверыць “краіна саветаў” кваліфікаванаму музыканту.
Так, цяперашнюю сітуацыю лепш разумеюць людзі, якіх савецкая сістэма імкнулася растаптаць і выкінуць з нармальнага жыцця.
На жаль, абсалютная большасьць людзей не адчуваюць і не разумеюць той пагрозы, якая навісае над кожным. Усё спадзяюцца перачакаць у нейкім зацішным месцы. Не разумеюць, што наступнымі могуць быць яны. Гэта выклікае трывогу. Значыць – вялікія ўзрушэньні ў нашым грамадзтве яшчэ наперадзе.
Часам, можна прачытаць у газетах, што асудзілі не журналістаў, а палітыкаў. Але якая ж тут палітыка!? Журналіст, рэдактар, даў магчымасьць на старонках сваёй газеты выказаць свае думкі розным людзям. Дык гэта ж яго абавязак перад грамадзтвам. І за гэта быў асуджаны. За тое, што годна выконваў свой прафесійны абавязак.
Калі не будуць зроблены высновы з таго, што адбывалася ў апошнія гады і адбываецца зараз, то ў “топку” рэжыму штодзень будуць кідацца ўсё новыя і новыя ахвяры. Такі пісімістычны прагноз на гэты конт у Міколы Маркевіча.
Напярэдадні нейкіх важных палітычных падзеяў: ці то выбары ў мясцовыя саветы, ці то рэферэндум аб падоўжанні паўнамоцтваў прэзідэнта, свабодная прэса можа быць быць зьнішчана цалкам. Толькі за гэты год было спынена існаваньне шасці выданняў. Новыя зарэгістраваць амаль немагчыма. Тыя, што толькі распачалі працу, закрываюцца, як рэспубліканская газета “Местное время”.
Мікола не спадзяецца, што нешта зьменіцца ў яго жыцьці раней чым за паўтара гады. Што адменяць ці нейкім чынам зьменшаць тэрмін, што будзе датэрміновае вызваленьне ці перавод на папраўчыя працы ў Гродна.
На пытаньне, чым ён будзе займацца праз паўтара гады, Мікола Маркевіч адказаў:
– Усё жыццё я быў журналістам. Мяняць сябе зараз або неяк мяняцца не выпадае. Журналістыка – гэта адзіная справа, якую я добра ведаю і умею рабіць добра. І думаю, што ў мяне яшчэ будзе шмат працы менавіта на гэтай ніве.

Жлобін, мікрараён №3, дом №3

На такі адрас вельмі шмат карэспандэнцыі прыходзіць для Паўла Мажэйкі, журналіста гродзенскай “Пагоні”, які быў асуджаны за артыкул у газеце на адзін год зьняволеньня. Тут, у Жлобіне, ён адбывае сваё пакараньне. Пішуць ня толькі зь Беларусі, шмат лістоў прыходзіць з Польшчы, з Чэхіі, з іншых краінаў, усяго – з дванаццаці краінаў. Аднойчы атрымаў семьдзесят пяць лістоў за адзін раз. З кім магчыма, перапіску перавёў на электронны адрас. Так прасьцей і хутчэй. На мясцовай пошце можна пасядзець у інтэрнэце: прагледзіць навіны, абмяняцца інфармацыяй са старымі і новымі сябрамі. Пачаў удасканаліваць англійскую мову, каб адказваць на лісты, што напісаны па-ангельску.
Працаваць па сьпецыяльнасьці, журналістам або настаўнікам, не дазволілі. Працуе Павел на лесапілцы. Канешне, гэта цяжкая фізічная праца, практычна на вуліцы. Прызнаецца, што асабліва цяжка было на пачатку, у першыя дзесяць дзён.. Нават думаў, што не вытрымае такой фізічнай нагрузкі. А зараз нічога, прызвычаіўся, уцягнуўся. Кепска, што вельмі шумна, нават размаўляць падчас працы немагчыма.
Адразу не ведаў, чым сябе заняць. Неяк нават падлічыў, якую даўжыню дошак распілоўвае за дзень. Пасьля памножыў на колькасьць дзён, што будзе знаходзіцца ў Жлобіне, і атрымалася, што гэта пакрые адлегласьць ад Жлобіна да Гродна. Вось такая арыфметыка...
У прынцыпе, у любой сітуацыі можна знайсці нешта станоўчае. Пры цяперашней працы дастаткова вольнага часу. Можна нечым заняцца для сябе. У вольны час Павел піша дзёньнік, напісана больш за пяцьсот старонак. Раз на тыдзень на радыё “Свабода ” разам з Міколам Маркевічам мае час у эфіры, нешта накшталт лістоў на волю.
Але ўсё ж такі, калі знаходзішся цэлы дзень на працы – гэта лягчэй пераносіць, чым выходныя. Выходныя – страшныя дні, ня ведаеш, куды сябе дзець. Пад’ём у 6.30., легчы і паспаць ня маеш права. У такія дні Павел інтэнсіўна вучыць ангельскую мову, ці проста чытае. Ёсьць у пакоі маленькі чорна-белы тэлевізар, можна паглядзець перадачы, часьцей інфармацыйныя.
Аднаго разу суседзі па пакоі падрыхтавалі для Паўла сюрпрыз. У пакоі, дзе яны жывуць утрох, вісіць рэпрадукцыя карціны Васнецова “Тры асілкі”. Хлопцы выразалі з газет партрэты трох асуджаных журналістаў Паўла, Міколы Маркевіча, і Віктара Івашкевіча і заклеілі імі галовы на карціне. Павел не адразу заўважыў, толькі па паводзінах хлопцаў бачыў, што нешта здарылася. Ну, а калі заўважыў, быў вельмі ўсьцешаны.
Дарэчы, суседзі па пакоі ў Паўла людзі чытаючыя. Збольшага чытаюць лёгкую літаратуру, дэтэктывы ці прыгодніцкія. Кніг мала, і добра было б арганізаваць акцыю па збору кніг для стварэньня бібліятэк ў тых ўстановах, дзе зараз знаходзяцца зьняволеныя журналісты. Бо ня маючы гарадзкой прапіскі, яны ня могуць запісацца ў гарадзкія бібліятэкі. Гэтыя кнігі маглі б чытаць і іншыя вязьні.
Калі няма парушэньняў дэсцыпліны і заўваг з боку начальства, то адпускаюць на некалькі дзён дадому. Але Паўлу дабірацца да Гродна амаль суткі ў адзін бок і столькі ж назад. Таму часта ездзіць складана. Апошні раз вельмі цяжка было ад’язджаць з дому. Хацелася больш пабыць дома. Проста прымусіў сябе ісьці на вакзал, сядаць у цягнік і ехаць.
Часам яму кажуць, што нічога асабліва трагічнага ў яго цяперашнім становішчы няма, гэта ж не турма. Зразумела, што ёсьць магчымасьць выходзіць у горад, сустракацца зь людзьмі. Але абмежаваньне ў часе, калі сам не можаш вырашыць, дзе ты будзеш, а толькі ведаеш, дзе ў гэты час ты павінен быць – гэта прымушае ўвесь час кантраляваць сябе. Калі ў юрыдычным плане існуюць розныя фармуліроўкі наконт абмежаваньня волі, то тут Павел дакладна зразумеў адно: воля – або яна ёсьць, або яе няма.
– Сказаць, што я страчу год, я не магу. Гэта нейкі этап у маім духоўным станаўленьні. І каб жыць ў нармальным грамадзтве, з нармальнымі законамі, я гатоў перанесьці і не такое, – так лічыць Павел Мажэйка.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства