Барыса Хамайду аштрафавалі на 200 тысяч рублёў
Віцебскі актывіст апазіцыі Барыс Хамайда аштрафаваны на 200 тысяч рублёў. Такое рашэнне прыняла 13 жніўня адміністрацыйная камісія Чыгуначнага раёна Віцебска.
Камісія разгледзела міліцэйскі пратакол у адносінах да Хамайды. Як зазначана ў пратаколе, 10 ліпеня ў цэнтры Віцебска супрацоўнік міліцыі ў цывільным купіў у Хамайды газету "Народная воля", а затым паказаў міліцэйскае пасведчанне і адвёз у Чыгуначны РАУС, дзе на Хамайду склалі пратакол аб парушэнні правілаў гандлю.
Б.Хамайда з 1996 года распаўсюджвае незалежныя выданні ў адным і тым жа месцы — у цэнтры горада, насупраць дома № 28 па вуліцы Леніна. За гэта ён неаднойчы прыцягваўся да адказнасці.
Як паведаміў БелаПАН Б.Хамайда, ён патрабаваў весці судовы працэс па-беларуску, і на працэс была запрошана перакладчыца — настаўніца беларускай мовы і літаратуры віцебскай сярэдняй школы № 21. "Перакладала яны выдатна, за што ў канцы працэсу я выказаў ёй падзяку і падарыў кніжку "Народны тэлевізар" Уладзіміра Падгола, у якой сабраны цытаты паводле Аляксандра Лукашэнкі", — расказаў Хамайда.
Ён заявіў, што не збіраецца спыняць дзейнасць па распаўсюджванні незалежнай прэсы. Хамайда таксама не мае намеру аспрэчваць рашэнне адміністрацыйнай камісіі. "Я лічу, што з 1996 года дзеянне Канстытуцыі ў Беларусі прыпынена. Адпаведна, у Беларусі няма незалежнай судовай сістэмы, і таму штосьці абскарджваць не мае сэнсу", — лічыць актывіст апазіцыі, паведамляе БелаПАН.