У выбарчай кампаніі Дзяніса Садоўскага не выкарыстоўваецца расійскі капітал
Аргкамітэт па стварэнні грамадскага аб'яднання "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" выступіў з заявай, у якой абвергнуў інфармацыю аб тым, што ў выбарчай кампаніі актывіста БХД Дзяніса Садоўскага выкарыстоўваецца расійскі капітал.
Падставай для заявы стала распаўсюджаная некаторымі інтэрнет-рэсурсамі, у тым ліку сайтам "Беларускі партызан", інфармацыя наступнага зместу: "Сапраўдную атаку на беларускі парламент распачала маскоўская кампанія "Беларусь Капітал Менеджмент". Па колькасці вылучаных прэтэндэнтаў на мандат яна адстае толькі ад цяперашняй Палаты прадстаўнікоў. Мае сваіх вылучэнцаў адразу ў некалькіх абласцях, а ў Мінску — нават пяць. Прычым усе — дырэктары і начальнікі розных падраздзяленняў, скрозь юрысты і эканамісты. Расійскія грошы атакуюць беларускі парламент? Так, прычым праз прэтэндэнтаў, якія вылучаны Партыяй БНФ, — Аляксея Янукевіча, Юрыя Карэтнікава, Дзмітрыя Шыманскага, Дзяніса Садоўскага".
У заяве падкрэсліваецца, што Дзяніс Садоўскі з'яўляецца членам аргкамітэта па стварэнні БХД і ніколі не быў членам Партыі БНФ. "Апрача таго, кампанія "Беларусь Капітал Менеджмент" створана беларусамі і для патрэбаў Беларусі. Ніякіх расійскіх грошай у выбарчую кампанію Д.Садоўскага ўкладзена не было, гэта хлусня", — заяўляе аргкамітэт па стварэнні БХД.
Сам Д.Садоўскі лічыць, што такія паведамленні ставяць на мэце дыскрэдытаваць яго як удзельніка выбарчай кампаніі. Пры гэтым Садоўскі зазначыў, што "ён праводзіць адну з самых паспяховых кампаній" па зборы подпісаў за вылучэнне яго кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу.
Даведка БелаПАН. Кампанія "Беларусь Капітал Менеджмент" зарэгістравана ў Маскве ў 2007 годзе беларускімі бізнесменамі, якія жывуць у Расіі. Гэта кансалтынгавая кампанія, што аказвае кансультацыйныя паслугі для замежных прадпрыемстваў і інвестараў, якія хацелі б укласці свае сродкі ў эканоміку Беларусі або Расіі.