Пачалося вылучэнне кандыдатаў у члены Савета Рэспублікі чацвёртага склікання
17 жніўня пачалося вылучэнне кандыдатаў у члены Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі чацвётага склікання.
Сакратар Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Мікалай Лазавік паведаміў, што права вылучэння кандыдатаў у члены Савета Рэспублікі належыць прэзідыумам мясцовых саветаў дэпутатаў базавага ўзроўню і адпаведным выканаўчым камітэтам. У сумесным пасяджэнні гэтых органаў павінны ўдзельнічаць не менш як дзве трэці ад складу адпаведнага прэзідыума савета дэпутатаў і выканаўчага камітэта.
Прэзідыум савета дэпутатаў і адпаведны выканаўчы камітэт могуць вылучыць толькі аднаго кандыдата ў члены Савета Рэспублікі, але адзін і той жа кандыдат можа быць вылучаны некалькімі прэзідыумамі саветаў дэпутатаў і адпаведнымі выканаўчымі камітэтамі.
Кандыдатам у члены Савета Рэспублікі можа быць грамадзянін Рэспублікі Беларусь, якому споўнілася 30 гадоў і які пражыў на тэрыторыі адпаведнай вобласці, горада Мінска не менш як пяць гадоў.
Кандыдатамі ў члены Савета Рэспублікі не могуць быць вылучаныя грамадзяне, якія не маюць права ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь займаць пасады ў дзяржаўным апараце ў сувязі з наяўнасцю судзімасці, не знятай і не пагашанай у парадку, устаноўленым заканадаўствам.
Вылучэнне кандыдатаў у члены Савета Рэспублікі будзе праходзіць па 15 верасня. З 16 па 20 верасня пройдзе іх рэгістрацыя.
У склад Савета Рэспублікі ўваходзяць 64 чалавекі: па 8 ад кожнай вобласці і Мінска, яшчэ 8 прызначае прэзідэнт, паведамляе БелаПАН.