Слуцк: Ідэолагі выканкама "навучаюць" старшыняў і сакратароў участковых камісій
15 жніўня ў будынку Слуцкага раённага выканаўчага камітэта адбыліся два паседжання, на першым з якіх прысутнічалі старшыні і сакратары сельскіх участковых выбарчых камісій, на другім - старшыні і сакратары гарадскіх участковых выбарчых камісій. Дадзеныя паседжанні арганізоўваліся і праводзіліся непасрэдна Слуцкім райвыканкамам у асобах намесніка старшыні выканкама па пытаннях сацыяльнай сферы і ідэалагічнай працы Пятра Барысавіча Даўгучыца і начальніка ідэалагічнага аддзела выканкама Ларысы Генадзеўны Дабравольскай.
Назіральнік па Слуцкай выбарчай акрузе № 74 Віталь Амяльковіч паспрабаваў патрапіць на дадзеныя паседжанні, але яму было адмоўлена. Прычына адмовы даволі стандартная - правы назіральніка Амяльковіча, зарэгістраванага пры Слуцкай акруговай выбарчай камісіі, распаўсюджваюцца толькі на паседжанні гэтай камісіі, а не на паседжанні, арганізатарамі якіх выступаюць органы выканаўчай улады. Не дапамог і зварот да старшыні акруговай выбарчай камісіі па Слуцкай выбарчай акрузе № 74 А.А.Андрушкевіча, які спаслаўся на тое, што паседжанне праводзяць прадстаўнікі Слуцкага райвыканкама і таму менавіта ім вырашаць, хто будзе прысутнічаць на паседжанні, а хто не.
Са словаў прадстаўніка Слуцкага райвыканкама, дадзеныя паседжанні не з'яўляюцца ўмяшальніцтвам органаў выканаўчай улады ў ход выбарчага працэсу, а гэта проста "вучоба" старшыняў і сакратароў участковых камісій.
Як стала пазней вядома назіральніку В.Амяльковічу, на паседжанні прысутнічала патэнцыйны кандыдат у дэпутаты "ад улады" Інэса Анатольеўна Кляшчук. Проста цікава - чаму ж вучылася яна?
"Праваабаронцы за свабодныя выбары"