Віцебск: ЦВК не прызнае шматлікія публікацыі аб прэтэндэнтах ад улады датэрміновай агітацыяй
Па ўсёй краіне яшчэ да рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты пракацілася хваля публікацый аб "заслугах і вартасцях" дзяржслужбоўцаў, якія вылучыліся прэтэндэнтамі ў кандыдаты. Пакуль да справы (да афіцыйнай рэгістрацыі і пачатку агітацыйнага перыяду выбарчай кампаніі), да чытачоў ужо паспелі данесці і замацаваць "іх светлыя вобразы". Паколькі падобных публікацый у дзяржаўных СМІ было мноства, у ЦВК накіроўвалася і адпаведная колькасць зваротаў з нагоды датэрміновай агітацыі. Менавіта так праваабаронцы расцэньвалі з'яўленне гэтых матэрыялаў падчас кампаніі па выбарах.
Праваабаронца Павел Левінаў атрымаў адказ на сваё зварот у ЦВК з нагоды датэрміновай агітацыі прэтэндэнтаў ад улады Віктара Аўчыннікава і Уладзіміра Андрэйчанкі. У лісце сказана, што Назіральная рада па кантролі за выкананнем парадку і правіл правядзення перадвыбарчай агітацыі ў сродках масавай інфармацыі ўстанавіла, што матэрыял, які змяшчае інтэрв'ю з галоўным доктарам Віцебскай абласной клінічнай бальніцы, апублікаваны 7 жніўня 2008 года ў газеце «Вечерний Витебск», з'яўляўся рэдакцыйным заданнем для рубрыкі "Буйным планам" да 10-годдзя працы Аўчыннікава ў якасці галоўнага доктара Віцебскай абласной клінічнай бальніцы. Нагадаем, што Віктар Аўчыннікаў зарэгістраваны ў якасці кандыдата па Віцебскай-Чкалаўскай выбарчай акрузе № 18 толькі 28 жніўня.
Назіральная рада таксама паведаміла, што інтэрв'ю з старшынёй Віцебскага аблвыканкама Андрэйчанкам рэгулярна публікуюцца ў абласных газетах і з'яўляюцца традыцыйнымі, рыхтуюцца супрацоўнікамі ідэалагічнага адделу, з такога роду інтэрв'ю ў 2007 году ён выступаў 13 раз у сродках масавай інфармацыі, у тым ліку ў газетах і часопісах. "Забылі" толькі паведаміць, колькі такіх публікацый было ў 2008 годзе. Удакладнім, што "папулярны" старшыня выканкама зарэгістраваны кандыдатам у дэпутаты па Глубоцкай выбарчай акрузе № 22.
З нагоды датэрміновай агітацыі прэтэндэнтаў Генадзя Грыцкевіча і Пятра Южыка Назіральная рада напісала Паўлу Левінаву, што апублікаваны ў газеце "Витьбичи" матэрыял, які інфармуе чытачоў аб праведзеным старшынёй Віцебскага гарсавета Грыцкевічам планавым прыёме грамадзян па асабістых пытаннях, і інтэрв'ю з намеснікам старшыні Віцебскага аблвыканкама Южыкам у газеце "Народнае слова", не ўтрымоліваюць перадвыбарчай агітацыі.
Цэнтральная камісія не ўгледзела таксама парушэнняў выбарчага заканадаўства ў артыкуле пра Аляксандра Ласякіна, апублікаваным у газеце "Витьбичи". Дырэктар УО "Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны каледж" зарэгістраваны кандыдатам па Віцебскай-Кастрычніцкай выбарчай акрузе № 20.
Зварот у ЦВК з нагоды датэрміновай агітацыі Сяргея Сямашкі спачатку быў перанакіраваны для разгляду ў акруговую выбарчую камісію Віцебскай-Чыгуначнай выбарчай акругі №19. І ужо старшыня акруговай камісіі Іван Рыцько паведаміў Паўлу Левінаву, што апублікаванне артыкула ў газеце "Витьбичи" ад 2 жніўня ў форме інтэрв'ю не з'яўляецца перадвыбарчым агітацыйным матэрыялам.
Ну не ці супадзенне: такая падвышаная ўвага дзяржаўных СМІ да персон, якія заявілі аб сваім намеры патрапіць у дэпутаты? І не ці занадта аднастайная і прадказальная рэакцыя ЦВК?
"Праваабаронцы за свабодныя выбары"