Капыль: Па рашэнні пракуратуры павінен быць заменены 21 сябра ўчастковых камісій
Назіральнік РПГА "БХК" па Салігорскай сельскай выбарчай акрузе № 76 Дашкевіч Віктар Віктаравіч падчас праведзенага аналізу ўстанавіў шматлікія парушэнні арт. 35 Выбарчага Кодэкса Рэспублікі Беларусь, дапушчаныя Капыльскім райвыканкамам пры фармаванні ўчастковых камісій па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь чацвёртага склікання.
Сутнасць парушэнняў была ў наступным: па-першае, у склад участковых камісій ад працоўных калектываў вылучаліся прадстаўнікі, якія не працуюць у дадзеных працоўных калектывах; па-другое, у склад адпаведных участковых камісій шляхам збору подпісаў уключаліся прадстаўнікі, якія фактычна пражываюць на тэрыторыі іншых участкаў.
Назіральнік звярнуўся з пісьмовай заявай у пракуратуру Капыльскага раёна, у якой указаў на ўстаноўленыя ім парушэнні і запатрабаваў пракурорскага рэагавання. У адказе ад 27 жніўня 2008 года пракурор Капыльскага раёна, дарадца юстыцыі Паляшчук У.У. паведаміў, што зварот Дашкевіча У.У. пракуратурай Капыльскага раёна разгледжаны. Пры гэтым, па кожным факце, прыведзеным назіральнікам, пракуратура запатрабавала і праверыла адпаведныя дакументы, якія паслужылі падставай для вылучэння таго або іншага кандыдата ў сябры ўчастковых камісій.
Пракуратура Капыльскага раёна ўстанавіла, што з парушэннем патрабаванняў арт. 35 Выбарчага Кодэкса былі вылучаны і ў наступным зацверджаны прадстаўнікі ў склады васьмі ўчастковых выбарчых камісій. Пры гэтым, у кожнай з васьмі вышэйназваных участковых камісій з парушэннямі былі вылучаны і зацверджаны ад двух да чатырох сяброў камісій, а гэта агулам 21 сябра ўчастковых камісій. Усе ўказаныя прадстаўнікі камісій былі вылучаны ад працоўных калектываў, сябраміі якіх яны не з'яўляюцца.
У сувязі з дапушчанымі парушэннямі пракуратура Капыльскага раёна вынесла прадстаўленне ў Капыльскі райвыканкам, дзе паставіла пытанне аб замене незаконна дэлегаваных прадстаўнікоў участковых камісій.
Разам з тым, вылучэнне астатніх, указаных у заяве Дашкевіча У.У. сяброў участковых камісій, адбывалася, па меркаванні пракурора Капыльскага раёна, у адпаведнасці з патрабаваннямі выбарчага заканадаўства. Так, з пункту гледжання пракуратуры, арт. 35 Выбарчага кодэкса не ўстанаўлівае забарону на вылучэнне па заявах грамадзян сяброў камісій, якія не пражываюць на адпаведных участках. Адзінай і неабходнай умовай для вылучэння такіх асобаў з'яўляецца пражыванне на адпаведнай тэрыторыі грамадзян, якія здзяйсняюць вылучэнне. Дадзенае сцвярджэнне пракурора Капыльскага раёна не адпавядае рэчаіснасці і ідзе ў разрэз з растлумачэннямі Цэнтрвыбаркама.
Нягледзячы на тое, што пракуратура Капыльскага раёна пацвердзіла некаторыя парушэнні выбарчага заканадаўства, дапушчаныя Капыльскім райвыканкамам пры фармаванні ўчастковых выбарчых камісій, прарэагавала на іх, аднак, яна ўхілілася ад поўнай праверкі законнасці фармавання ўсіх складаў участковых камісій і абмежавалася толькі праверкай фактаў, выкладзеных у заяве назіральніка.
"Праваабаронцы за свабодныя выбары"