АДС адкладае рашэнне аб ўдзеле ў выбарах да 21 верасня
31 жніўня Палітычная Рада Аб’яднаных дэмакратычных сілаў пастанавіла адкласці да 21 верасня рашэнне аб далейшым удзеле АДС у парламенцкай выбарчай кампаніі. Нагадаем, што напярэдадні Сойм Партыі БНФ прыняў рашэнне, што кандыдаты ад БНФ павінны зняцца з выбараў 23 верасня. Але пазіцыя БНФ не знайшла падтрымкі бальшыні суб’ектаў АДС.
Тры гадзіны ў штаб-кватэры БНФ працягвалася дыскусія на паседжанні Палітычнай Рады АДС.
Сутыкнуліся два пункты гледжання на далейшую стратэгію апазіцыі ў выбарчай кампаніі – альбо ўжо зараз аб’явіць пра зняццё сваіх кандыдатаў, альбо пакінуць акно магчымасцяў адчыненым і даць сябрам кааліцыі розныя варыянты рашэння.
“Адзіны варыянт зламаць існуючую сістэму, паўплываць на сітуацыю – гэта зняцца” – пераконваў прысутных Павал Севярынец. Аднак некаторыя кандыдаты ў дэпутаты выказваліся ў тым сэнсе, што іхняе зняцьцё з выбараў будзе здрадай тым людзям, якія працавалі ў іх камандах, і тым выбарцам, якія за іх падпісаліся.
Лідэр Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька асаблівую ўвагу звярнуў на неабходнасць прыняць агульнае кансалідаванае рашэнне ўсімі суб’ектамі дэмакратычнай кааліцыі, і ў гэтым сэнсе трошкі папракнуў БНФ і Партыю камуністаў, якія ўжо прынялі ўласныя партыйныя рашэнні наконт удзелу ў выбарах. “Калі мы развалім АДС, у нас не будзе палітычнай перспектывы” – заявіў Лябедзька, пакрэсліўшы, што такое развіццё падзеяў будзе на руку найперш уладам.
Лідэр Партыі камуністаў Сяргей Калякін у размове з карэспандэнтам Радыё Свабода адхіліў сцверджанні, нібыта камуністы ўжо вырашылі ісці да канца на гэтых выбарах, незалежна ад рашэння іншых сябраў кааліцыі. Вось як ён пракаментаваў прынятую заяву АДС:
“Калі прымаецца амаль што без зменаў рашэнне, аўтарам якога я быў, я не магу быць не задаволены. Тут усё ёсць – і вельмі жорсткая ацэнка выбарчага працэсу, і дзеянняў ўладаў. Тут ёсць і пацверджанне таго, што мы ўжо сёння не прызнаем, што гэтыя выбары адпавядаюць дэмакратычным стандартам, і заклік да міжнароднай супольнасці іх не прызнаваць. Мы не зачыняем дзвярэй, мы кажам уладам, што можна ўсё паправіць, калі дадаць нашых людзей у камісіі.
Мы не кажам, што ўсё ўжо вырашана – мы адчыняем акно магчымасцяў да ўсіх. А па-другое, мы пакідаем за сабой права прыняць адпаведнае рашэнне 21 верасня. Калі мы будзем бачыць, што ёсць падставы не працягваць удзелу у выбарах, то мы такое рашэнне прымем. І наконт таго, што камуністы ўжо прынялі для сябе канчатковае рашэнне – гэта не так”.
Расклад сілаў у АДС прадэманстравалі вынікі галасавання. За прыняты праект заявы, распрацаваны прэзідыўмам Палітрады, галасавалі 25 чалавек, супраць -- два, шасцёра ўстрымаліся. Прапанова Паўла Севярынца, каб заявіць, што 23 верасня дэмакратычныя сілы здымаюць усіх сваіх кандыдатаў, набралі ўсяго 4 галасы.
Апошні, галоўны пункт заявы гучыць наступным чынам: Рада АДС “склікае 21 верасня паседжанне Палітрады АДС для разгляду пытання аб спыненні далейшага ўдзелу Аб’яднаных дэмакратычных сілаў у выбарчай кампаніі”.
Даволі красамоўным было і гэтак званае рэйтынгавае галасаванне сярод кандыдатаў у дэпутаты. Яны пайменна адказвалі на пытанне, ці падтрымліваюць яны рашэньне. З 51 апытанага толькі 8 выказаліся за тое, каб зараз заявіць пра зняццё сваіх кандыдатураў, астатнія падтрымалі прыняты варыянт заявы АДС. Супраць неадкладнага зняцця сваіх кандыдатур выказваліся нават некаторыя кандыдаты ад Партыі БНФ.