У кампутары Трубкіна праз паўтары гады знайшлі экстрэмісцкія матэрыялы
13 верасня студэнт-каліновец Беластоцкага ўніверсітэта Аляксей Трубкін атрымаў па пошце па месцу жыхарства ў Наваполацку паперы з гродненскага абласнога камітэта КДБ, згодна якіх хлопцу трэба з’явіцца а 9-й гадзіне 18 верасня ў гродненскі суд Кастрычніцкага раёну. Студэнта абвінавачваюць у экстрэмізме.
Напрыканцы 2006 году ў Трубкіна быў канфіскаваны асабісты кампутар і вось толькі зараз стала вядома, што ў кампутары знаходзіліся файлы экстрэмісцкай накіраванасці.
“У кошыку для знішчаных файлаў, у якой пасля аднаўлення інфармацыі, былі выяўлены графічныя і тэкставыя файлы аб дзейнасці незарэгістраванай законным парадкам моладзевай арганізацыі “Малады Фронт”
У іншых выдаленых файлах былі выяўлены відэахронікі нацыскай Германіі, відэаролікі хуліганскіх дзеянняў футбольных заўзятараў, відэролікі несанкцыянаваных дэманстрацыяў і г.д.
“Выснова: такім чынам інфармацыя, якая ўтрымоўваецца на ўказаных электронным носьбіце, носіць экстрэмісцкі характар і можа прычыніць шкоду эканамічным і палітычным інтарэсам дзяржавы.”
Цікава толькі, як шкоду могуць прынесці выдаленыя матэрыялы?
Экстрэмісцкімі аказаліся кнігі і дыскі, якія таксама былі канфіскаваныя ў Аляксея Трубкіна. Сярод шкодных названа таксама кніга “Агляд-хроніка парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі ў 2004 годзе”, бо яна “утрымоўвае значную колькасць фотаматэрыялаў з масавых несанкцыянаваных пратэстных акцыяў у Рэспубліцы Беларусь, а таксама матэрыялы з заклікам захвату дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам і арганізацыі масавых беспарадкаў”.
Камітэтчыкі просяць суд прызнаць канфіскаваныя матэрыялы экстрэмісцкімі і знішчыць.
На гэты ж дзень выкліканы ў гродненскі суд Кастрычніцскага раёна яшчэ некалькі чалавек, у якіх былі канфіскаваныя на мяжы “экстрэмісцкія матэрыялы”.