У актывісткі АГП Марыны Багдановіч канфіскавалі маёмасьць
27 траўня ў актывісткі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Марыны Багдановіч судовыя выканаўцы канфіскавалі маёмасьць. Суд Цэнтральнага раёну Менску прысудзіў ёй штраф 200 базавых велічынь (гэта каля дзьвюх з паловай тысячаў даляраў) за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі прадпрымальнікаў на Кастрычніцкай плошчы ў Менску 1 сакавіка.
У Марыны Багдановіч канфіскавалі ўсю бытавую тэхніку і частку мэблі.
1 чэрвеня адбудзецца наступны вопіс маёмасьці Марыны Багдановіч. Яна павінна яшчэ выплаціць штраф за ўдзел у “Чарнобыльскім шляху” – 150 базавых велічынь. Усяго Марына Багдановіч павінна заплаціць каля 4 з паловай тысячаў даляраў.
Па словах М.Багдановіч, пасьля канфіскацыі маёмасьці застаўся яе ложак, дачкі, стол, кухонны стол і невялікі сэрвант на кухні. Усю бытавую тэхніку ацанілі ўсяго на 300 даляраў.
Абскарджваць канфіскацыю маёмасьць Марына Багдановіч не зьбіраецца. Па-першае, у яе няма грошай на судовыя выдаткі. Па-другое, яна ня верыць у справядлівы суд. Спадарыня Марына кажа, што падчас канфіскацыі яе дачка адчула сябе блага.
Але актывістка Аб’яднанай грамадзянскай партыі Марына Багдановіч ня траціць аптымізму. Яе дачка сёньня скончыла школу, і Марына атрымала ганаровую грамату як найлепшая маці, бо яе дачка – найлепшая вучаніца ў клясе.
Паводле Радыё Свабода