viasna on patreon

Святлана Нех галадае сёмыя суткі

2002 2002-08-15T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

13 жніўня журналісту інтэрнэт-газеты ПАГОНЯ дазволілі сустрэцца з актывісткай Маладой Грамады Святланай Нех, якая сёмыя суткі трымае галадоўку ў спецразмеркавальніку Кастрычніцкага РАУС горада Гродна. Як паведаміла Святлана, яна нават не адчувае, што ўжо тыдзень нічога не есць. Таму патрэбы ў медычным аглядзе, на яе думку, няма.
На гэтую сустрэчу дзяўчына самастойна выйшла з камеры.
- Мне нічога не патрэбна, у мяне ў камеры яшчэ літраў шэсць соку, - заявіла Святлана. – Вы б лепей газетаў прынесьлі.
Высветлілася, што за час Свецінай адсідкі, нягледзячы на шматлікія перадачы, ніхто не здагадаўся перадаць дзяўчыне свежай прэсы. Дзякуй Богу, у камеры ёсць некалькі кніжак, якія яна захапіла з сабой з хаты. Зараз дзяўчына чытае вершы Максіма Багдановіча. Асвятленне ў камеры вельмі цьмянае, і таму Святлана папрасіла міліцыянтаў змяніць лямпачку на больш моцную. Але супрацоўнікі РАУСа яе просьбу пакуль не задаволілі.
Днямі Святлану наведала мама. А вось праваабаронцам Аляксандру Антанюку і Сяргею Мальчыку наведаць яе не дазволілі. Пры гэтым ім патлумачылі, што Святлана сама адмаўляецца ад усялякіх сустрэчаў. Аднак нашаму карэспандэнту актывістка Грамады заявіла, што гэта няпраўда.
З сённяшняй раніцы Святлана засталася ў камеры адна. За час свайго знаходжання пад вартай яна паспела змяніць некалькі суседак. У адрозненні ад “палітычных”, алкагалічкі і дробныя хуліганы атрымліваюць звычайна не больш за трое сутак і таму хутка выходзяць на волю.
Святлана Нех была асуджаная на 10 сутак адміністрацыйнага арышту суддзёй Натальлей Козел за ўдзел у ланцугу неабыякавых людзей. Галадоўку дзяўчына абвесціла у знак пратэсту супраць гэтага прысуду.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства