viasna on patreon

Празрыстасць выбараў па-беларуску

2008 2008-09-30T14:46:34+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/luban-padlik.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Салігорск

У дзень выбараў старшыня ўчастковай выбарчай камісіі № 17 Салігорскай гарадской выбарчай акругі № 75 Завадэўкін Леанід Рыгоравіч адмовіўся прадсатавіць назіральніку Паўлу Батуеву інфармацыю аб колькасці прагаласаваўшых датэрмінова, а таксама прагаласаваўшых на даму. Падчас падліку галасоў назіральнікі знаходзіліся на адлегласці сямі метраў ад месца падліку, г.з. нармальна бачыць саму працэдуру яны не мелі магчымасці.  Са слоў назіральніка, ён меў магчымасць бачыць толькі працэдуру сарціравання бюлетэняў. Адсарціраваныя бюлетэні лічыў старшыня ўчастковай камісіі, пры гэтым ніякіх лічбаў ён не агучваў. Затое неаднаразова папярэджваў назіральніка, каб той знаходзіўся на сваім месцы. Батуеў П.З. таксама паведамляе аб яшчэ адным цікавым факце - падчас падліку галасоў адзін  з сяброў камісіі вынес частку бюлетэняў за межы ўчастку. Як растлумачыў старшыня камісіі Завадэўкін Леанід Рыгоравіч, гэта былі бюлетэні з іншых участкаў, якія падчас датэрміновага галасавання выбаршчыкі па памылцы кінулі не ў тую ўрну. 

Старшыня ўчастковай выбарчай камісіі № 82 Салігорскай сельскай выбарчай акругі № 76 Пратасеня У.Н. адмовілася прадставіць назіральніку Алене Рамановіч інфармацыю аб колькасці атрыманых бюлетэняў, аб колькасці прагаласаваўшых датэрмінова. Не была таксама прадстаўлена назіральніку і інфармацыя аб колькасці выбаршчыкаў, якія прагаласавалі ў дзень выбараў на даму. Падчас падліку галасоў назіральнік Алена Рамановіч не мела магчымасці чуць атрыманыя лічбы, бо сябры камісіі перагаворваліся паміж сабою вельмі ціха. Не агучвалася колькасць нявыкарыстаных бюлетэняў, не агучваліся вынікі галасавання па асобных відах.  

У памяшканні Ленінскага ўчастку № 18 па Салігорскай сельскай выбарчай акрузе №76 пастаянна знаходзіліся супрацоўнікі міліцыі. Пры падліку галасоў назіральнікі былі размешчаныя на адлегласці пяці метраў ад стала, дзе вёўся падлік. Пасля просьбы назіральніка Дашкевіча Ў.У. агучыць вынікі галасавання, старшыня камісіі Каменка Людміла Міхайлаўна папярэдзіла апошняга аб магчымым выдаленні з памяшкання ўчастку. Выніковы пратакол быў вывешаны. 

Кандыдат у дэпутаты па Салігорскай сельскай выбарчай акрузе № 76 Насановіч Ларыса Ўладзіміраўна знаходзілася на выбарчым участку № 79. Пры падліку галасоў кандыдатам і яе даверанай асобай Фраловай Верай Іванаўнай былі зафіксаваныя наступныя парушэнні: - у пачатку працэдуры падліку галасоў не былі абвешчаныя дадзеныя аб колькасці выбаршчыкаў на ўчастку, аб колькасці прагаласаваўшых, аб колькасці нявыкарыстаных бюлетэняў; - не былі абвешчаныя дадзеныя аб выніках раздзельнага падліку  галасоў. Назіранне за падлікам галасоў было практычна немагчымым, бо стол, на які выкладваліся бюлетэні са скрыняў, закрывалі спіны сяброў камісіі. Пасля падліку галасоў усе бюлетэні, без абвяшчэння вынікаў, зносіліся ў самы далёкі кут спартовай залы, абсталяваны пад выбарчы ўчастак, за якім сядзела старшыня ўчастковай камісіі Галай Галіна Паўлаўна, якая затым праводзіла нейкія маніпуляцыі з бюлетэнямі. Па паведамленні Насановіч Л.У., з месца, адведзенага назіральнікам, не было дакладна відаць, якія маніпуляцыі праводзіла старшыня камісіі, але яна штосці перакладала са стоса ў стос, штосці сарціравала.

Слуцк

У памяшканні ўчастковай выбарчай камісіі № 15 па Слуцкай выбарчай акрузе №74 пастаянна знаходзіліся працаўнікі міліцыі і МНС. Па словах назіральніка Амяльковіча В.Л., падлік галасоў праводзіўся ў абсалютнай цішыні, пры гэтым сябры ўчастковай камісіі закрывалі працэдуру падліку сваімі спінамі. Не была выкананая працэдура публічнага абвяшчэння вынікаў выбараў, хоць выніковы пратакол усё ж быў вывешаны. 

Любань

На выбарчых участках № 4 і № 2 Любанскай выбарчай акругі № 68 назіральнікам Таццянай Гальчэняй былі зафіксаваныя выпадкі знаходжання ў памяшканнях участкаў супрацоўнікоў міліцыі і МНС. Падчас падліку галасоў назіральнікі былі размешчаныя такім чынам, што не мелі магчымасці назіраць за падлікам. Сябры камісіі загароджвалі стол сваімі спінамі. Выніковы пратакол вывешаны не быў, зняць копію з выніковага пратаколу назіральнікі таксама не мелі магчымасці. 

Нясвіж

На ўчастку №60 Нясвіжскай выбарчай акругі № 72, на якім прысутнічаў назіральнік Нікулін А.Е., копія выніковага пратаколу не была прадстаўленая.  

Астравец

На Варанянскім выбарчым участку №48 Смаргонскай выбарчай акругі №59 зарэгістравацца ў якасці назіральніка сябру АГП Мікалаю Уласевічу ўдалося не адразу. Старшыня камісіі Субач Н.А. адмовіла яму ў акрэдытацыі назіральнікам ад пярвічкі АГП, не дапамаглі нават скаргі ў акруговую камісію і раённаму пракурору. Дапушчаны да назірання Мікалай Уласевіч быў толькі пасля таго, як сабраў неабходную колькасць подпісаў выбаршчыкаў. Менавіта пасля гэтага старшыня камісіі, не вельмі хаваючы свайго раздражнення, у катэгарычнай форме паказала месца, з якога, як яна выказалася літаральна, "ні ўправа, ні ўлева" Мікалай Уласевіч не павінен адыходзіць. Яна растлумачыла, што назіральнік мае права толькі моўчкі назіраць з таго месца, якое яна адвяла. Ніякай інфармацыі аб ходзе выбараў на ўчастку і аб працы камісіі назіральнік атрымаць так і не змог. Функцыі назірання былі фактычна зведзеныя толькі да візуальнага, прычым  з пазіцыі вельмі нязручнай, адкуль нічога не відаць і не чуваць. 

Раздзельнага падліку галасоў не было. Падліку не маглі бачыць не толькі назіральнікі, але і многія сябры камісіі, якія проста стаялі ўбаку. Сябры камісіі пералічвалі па частках бюлетэні і бязгучна перадавалі іх старшыні камісіі, якая аднаасобна рабіла падлік.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства