Сыны Міхаіла Марыніча абскардзілі судовае рашэньне аб канфіскацыі маёмасьці сям’і Марынічаў і запатрабавалі ад пракуратуры завесьці крымінальную справу ў адносінах да судзьдзі Цэнтральнага суду Мbнску Натальлі Вайцеховіч.
Пра гэта паведаміла Радыё Свабода.
Павал і Ігар Марынічы лічаць несправядлівым рашэньне судзьдзі Натальлі Вайцеховіч, паводле якога была канфіскаваная амаль уся маёмасьць з кватэры на праспэкце Машэрава, дзе жыве сям’я Міхаіла Марыніча. Сынам палітыка судзьдзя пакінула толькі тэлевізар і вэлятрэнажор, а былой жонцы – прас.
“Гэта зьдзек нават з закону, які забараняе канфіскацыю неабходных у быце рэчаў. Відавочна, што нам адпомсьцілі за палітычныя погляды бацькі і нашую барацьбу за яго вызваленьне”, – заявіў Радыё Свабода малодшы сын палітыка Павал Марыніч.
27 чэрвеня сыны Марыніча таксама накіравалі заяву ў пракуратуру Менску. Яны патрабуюць завесьці крымінальную справу супраць судзьдзі, якую вінавацяць у наўмысным парушэньні закону.
На пачатку чэрвеня суд канфіскаваў маёмасьць Міхаіла Марыніча на падставе прысуду, паводле якога палітык быў прызнаны вінаватым у крадзяжы маёмасьці і адпраўлены за краты на 3,5 гады. Міхаіл Марыніч лічыць, што яго перасьледуюць за апазыцыйную дзейнасьць.