viasna on patreon

Беларускія габрэі вінавацяць Лукашэнку у антысэмітызме

2002 2002-08-15T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Прэзыдэнт Усясьветнай Асацыяцыі Беларускіх Габрэяў Якаў Гутман зьвярнуўся да прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна з адкрытым лістом, у якім зьвінаваціў урад Аляксандра Лукашэнкі ў антысэмітызьме. "Цяжка спадзявацца, што, маючы сябра Лукашэнку, Расея здолее заняць месца сярод цывілізаваных краінаў", - гаворыцца ў дакумэнце.
Свой ліст Якаў Гутман пачаў зь пералічэньня апошніх фактаў праявы антысэмітызму ў Беларусі: разбурэньне габрэйскіх могілак, зьнішчэньне будынку былой сынагогі на вул. Дзімітрава ў Менску, будаўніцтва паркінгу на месцы былой сынагогі на сталічнай Нямізе, выказваньне Лукашэнкі пра Гітлера. Гэтыя факты апісаныя ў пасланьні вельмі маляўніча.
Пералічаныя факты, на думку сп. Гутмана, " сьведчаць пра палітыку цяперашняга кіраўніцтва Беларусі".
Зьвяртаючыся да Ўладзіміра Пуціна, Якаў Гутман выказаў спадзеў, што прэзыдэнт Расеі "здолее спыніць беларускіх талібаў, якія працягваюць руйнаваць сьвятыні". Таксама Гутман адзначыў, што, "маючы такога "брата" як Лукашэнка, Расея ня здолее заняць месца сярод цывілізаваных краінаў". У гэтай сытуацыі, лічыць Гутман, Пуціну будзе цяжка заставацца сябрам Тоні Блэра, Джорджа Буша, Франсуа Мітэрана, Гэрхарда Шродэра.
Прэзыдэнт Усясьветнай Асацыяцыі Беларускіх Габрэяў нагадаў таксама, што Ізраіль "мякка апусьціў шлягбаўм на шляху супрацоўніцтва зь Беларусьсю - зачыніў сваю амбасаду ў Менску".
Якаў Гутман выказаў меркаваньне, што папраўка Джэксана-Вэніка, якая была ўведзеная ЗША за савецкім часам у зьвязку з абмежаваньнем правоў габрэяў у СССР і абмяжоўвае гандль з краінамі, якія праводзяць палітыку антысэмітызму, усё яшчэ захаваная для РФ з-за шчыльных стасункаў зь беларускім рэжымам.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства