viasna on patreon

Актывіста высадзілі з цягніка

2008 2008-11-27T09:05:51+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be

На беларуска-украінскай мяжы з цягніка Кіеў–Мінск беларускія памежнікі высадзілі дэмакратычнага актывіста Юрася Карэтнікава.


Актывіста затрымалі на мяжы пры праверцы дакументаў, бо ён уваходзіць у складзены спецслужбамі спіс асобаў, якім забаронена выязджаць з Беларусі. Юрась Карэтнікаў быў падазраваны ў нібыта датычнасці да мінскага выбуху. Аднак актывіст вяртаўся на радзіму і ніякіх законных падстаў для затрымання ў памежнікаў не было.


Па словах дэмактывіста, памежнікі разумелі абсурднасць сітуацыі, але мусілі чакаць распараджэння з Мінску.


– Яны самі казалі, што не маюць права забараняць ехаць у Беларусь, але чакалі рашэння вышэйшага начальства. Каманды з Мінску доўга не паступала, а цягнік далей трымаць было нельга, і мяне высадзілі. Толькі потым паступіла каманда мяне адпусціць. Я рэшту ночы бадзяўся па станцыі і раніцай сеў на цягнік Адэса–Мінск. Давялося таксама за свае грошы ў Гомелі набываць квіток, – распавядае Юрась Карэтнікаў.


Юрась Карэтнікаў лічыць, што сталічнае начальства марудзіла з рашэннем наўмысна, каб стварыць актывісту такім чынам дадатковыя нязручнасці, у нейкім сэнсе, адпомсціць. Актывіст не першы раз адкрыта вяртаецца ў Беларусь, а выязджае з яе абходнымі шляхамі, бо значыцца ў спісах. Магчыма гэта выклікала раздражненне ў спецслужбоўцаў. Па словах Юрася, памежнікі былі збянтэжаныя – “Вы не першыя, каго такім чынам затрымліваюць, але першыя, каго здымаюць з цягніка” – і прабачаліся.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства