Кацора патрабуе пакараць ідэолага за бяздзеянні
Каардынатар Руху “За Свабоду” па Гомельскай вобласці Уладзімір Кацора звярнуўся ў раённую пракуратуру з патрабаваннем пакараць галоўнага ідэолага вобласці Анатоля Кацілу.
Яшчэ 17 кастрычніка А.Кацілу была накіравана пісьмовая заява з просьбай прадставіць інфармацыю, звязаную з правядзеннем масавых мерапрыемстваў. Аднак прайшло ўжо больш месяца, а менавіта такі тэрмін адводзіцца чыноўнікам на разгляд зваротаў, аднак адказу ад ідэолга так і не было.
- Я ўгледзеў ў дзеяннях (бяздзеянні) начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы Гомельскага аблвыканкама прыкметы адміністрацыйнага правапарушэння, прадугледжанага арт.9.13 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях (“Парушэнне заканадаўства аб зваротах грамадзян”), таму прашу скласці і перадаць на разгляд у адносінах указанай асобы пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні, - гаворыцца ў заяве У.Кацоры ў пракуратуру.
За парушэнне заканадаўства аб зваротах грамадзян прадугледжаны штраф ад чатырох да дваццаці базавых велічынь.