Моладзевым актывістам пагражаюць выключэньнем з унівэрсытэту
Актывісткам «Маладога Фронту» Настасі Лойка і Тацяне Шапуцька пагражае адлічэньне з Беларускага дзяржаўнага унівэрсытэту.
Наста навучаецца на 3-м курсе юрфака на кафэдры правазнаўства, Тацяна – па 1-м курсе на кафэдры паліталёгіі.
У чацьвер намесьнік дэкана юрыдычнага факультэта па выхаваўчай працы спадар Шыдлоўскі выклікаў на размову Тацяну Шапуцька, на наступны дзень – і Насту Лойка, піша сайт «Маладога Фронта».
«Нам паведамілі, што нас адсочвалі яшчэ з 7 лістапада, з дня затрыманьня на акцыі «Камунізм пад трыбунал!», бо ў той самы дзень да рэктара БДУ прыехалі людзі з КДБ і Адміністрацыі прэзыдэнта і прывезьлі пэўныя папэры зь асьвятленьнем нашай грамадзкай дзейнасьці. Зараз ва ўнівэрсытэт прыйшлі паперы з суду, таму ў панядзелак адбудзецца афіцыйны працэс – Савет прафіляктыкі, на якім будуць вырашаць, ці пакінуць нас ва ўнівэрсытэце і даць строгую вымову, ці адлічыць», - кажа Тацяна Шапуцька.
У Статуце БДУ існуе пункт, паводле якога студэнта маюць права адлічыць за наўмыснае правапарушэньне. Аднак, актывісткі спадзяюцца, што на першы раз кіраўніцтва ўнівэрсытэту абмяжуецца вымоваю, паведамляе Хартыя-97.